haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Происшествия

04.10.2020 13:11

663 просмотра

0 комментариев

«Маці цярпела, ну і я цярпеў». Шчыры маналог падлетка з Высокага, які забіў бацьку, але быў апраўданы

Паўгода таму 17-гадовы Арцём Яршоў з Высокага ўдарыў бацьку сякерай: хлопец не вытрываў чарговых п’яных здзекаў з сябе і маці. У выніку бацька трапіў у рэанімацыю, дзе і памёр.

Хлопца змясцілі пад варту, паўналецце ён сустрэў на судовым пасяджэнні. Пракурор прасіў для Арцёма 6 гадоў зняволення.

Але нечакана суд прызнаў, што свой учынак Арцём здзейсніў у стане афекту. 2 кастрычніка хлопца вызвалілі.

Сёння хлопец ужо дома, у Высокім. Ён пагадзіўся пагутарыць з «Нашай Нівай».

«Калі мяне вызвалілі, я быў у шоку. Думаў, што дадуць 6 гадоў, як прасіў пракурор. У мяне не было інфармацыі пра вынікі экспертызы, я не ведаў, што мой учынак прызналі здзейсненым у стане афекту.

Таму падчас вызвалення я быў агаломшаны. Не плакаў — стараюся не даваць волю эмоцыям, — але быў вельмі рады», — расказвае Арцём.

Хлопец кажа, што зняволення ўжо не так баяўся:

«Я пакуль сядзеў у СІЗА, ужо разумеў, што такое быць за кратамі. Таму і ў калоніі неяк бы адаптаваўся».

Сваё 18-годдзе Арцём сустрэў таксама пад вартай. Якраз у гэты дзень — 15 ліпеня — хлопец быў на судзе.

«Тады якраз прызначылі мяне адправіць у Мінск, у Навінкі, на экспертызу, — згадвае Яршоў. — У той дзень у мяне была нават трохі радасць. Усё ж дзень народзінаў, 18 гадоў.

Было і сумна, што сустракаю яго за кратамі, але мне ўзнялі настрой работнікі ізалятара. Яны прынеслі мне на дзень народзінаў торцік і цукеркі, было вельмі прыемна.

Увогуле ставіліся да мяне па-чалавечы і работнікі СІЗА, і сукамернікі. Я сядзеў у Брэсце, да паўналецця быў у камеры з двума людзьмі: дарослы мужчына, якога вінавацілі ў карупцыі за хабар, і малады хлопец, якому пагражаў вялікі тэрмін па „наркатычным“ 328-м атрыкуле. Мы не сварыліся — усе ў адной лодцы.

Калі мне споўнілася 18 гадоў, суд накіраваў у Навінкі. І на тым пасяджэнні былі думкі, калі шчыра, каб гэта ўсё хутчэй ужо скончылася. Але ж была і надзея: суд сумняецца, можа, усё ж пазбегну гэтых 6 гадоў...

У Мінску змясцілі мяне на Валадарцы, пасля адвезлі ў Навінкі. Там было як у ізалятары: палата-камера на чацвярых, часам выводзілі на шпацыр. Там я прабыў чатыры тыдні, са мной гутарылі псіхолагі, праводзілі тэсты.

Пасля вярнулі ў ізалятар, але ўжо ў „дарослую“ камеру на 15 чалавек. Таксама было нармальна. Правілы ёсць, але нічога такога дзіўнага ці жорсткага не было. Усё ж пра турму былі ўяўленні з кіно ці серыялаў, а на самой справе ўсё прасцей. Людзі звычайныя, адэкватныя.

Дні ляцелі вельмі хутка. Штодня адно і тое ж, месяц праляцеў — я і не заўважыў».

З маці хлопец бачыўся на допытах, пакуль яму не споўнілася 18. Пасля — толькі лісты. Перадавалі вітанні і сябры, маці пісала пра гэта ў лістах. Казала, да яе на працу адмыслова заходзілі прыяцелі Арцёма, каб яна перадала ад іх прывітанні.

«Калі мяне адпусцілі, на судзе былі мама і бабуля. Бабуля — гэта маці майго бацькі. Але яна не вінаваціць мяне ў тым, што здарылася. У нас засталіся добрыя адносіны.

Першым чынам мы пайшлі на аўтастанцыю чакаць свой аўтобус у Высокае, — пасміхаецца Арцём, згадваючы свой першы дзень на волі. — Прыехалі ўвечары, і я сеў чытаць кніжкі на сайце самвыдата, там розныя фанфікі накшталт аматарскага працягу гісторый пра Гары Потэра. Хацелася проста пабыць дома, вось і ўсё.

За час за кратамі, я пасталеў, канечне. Стаў больш упэўнены ў сабе. Характар быў мяккі, цяпер стаў цвярдзейшы».

Мама Арцёма — звычайная прадавачка. Але ёй удалося наняць адваката для сына, бо збіраць грошы дапамагаў увесь горад. У некаторых крамах стаялі скрынкі для збору сродкаў.

«Сапраўды, увесь горад быў на маім баку, бо ўсе ведалі мяне і майго бацьку, — кажа Арцём. —

Я абдумваў усю гэтую гісторыю. Думкі круціліся... Але пра свой учынак я пашкадаваў, канечне. Трэба было, можа, цярпець. Ці пераехаць да бабулі. Аднаму — мама б не захацела.

Каб вярнуць час назад, я б не паступіў гэтак жа.

Раней, калі бацька скандаліў, я міліцыю не выклікаў, бо яго не забралі б надоўга. Ён бы вярнуўся, і было б яшчэ горш. Аднойчы мама праходзіла сведкай — суседзі выклікалі міліцыю на бацьку, бо шумеў. Бацьку забралі, ён вярнуўся — і з’явілася яшчэ адна нагода для скандалаў».

У школе казалі, што Арцём ніколі не скардзіўся на бацьку і праблемы ў сям’і.

«А які сэнс быў скардзіцца? Мама цярпела. Ну і я цярпеў. Браў прыклад з маці. Я бачыў, што яна хіба толькі сяброўкам пажаліцца на скандал, вось і ўсё. Ну і я гэтак жа. Я ніколі не бачыў, каб было нейкае супрацьдзеянне, акрамя цярпення. Ну і думаў, што гэта нармальна, трэба цярпець. Пакуль не з’еду куды-небудзь, ці што... Не ведаю. Пра тое, што я з’еду, а мама застанецца, я разумеў, але стараўся пра гэта не думаць, — кажа хлопец. — І пасля таго, што адбылося, я сам выклікаў міліцыю проста на аўтамаце. Была такая як праграма: трэба званіць ў міліцыю. Усвядоміў, што адбылося, ужо пазней, толькі ў ізалятары. Я разумеў, што будзе пакаранне, але абсалютна не ўяўляў якое. Не ведаў, што можа быць доўгі тэрмін. Калі высветлілася, што могуць пасадзіць на 6 гадоў, было, скажам так, не вельмі прыемна.

Пра смерць бацькі я даведаўся, пакуль быў у СІЗА. Калі шчыра, быў шок. Была напружанасць. Сёння ўжо я не скажу, што штосьці адчуваю. Я спакойны. Стараюся не думаць пра гэта. Дома асабліва нічога не змянілася — хіба толькі стала цішэй».

Цяпер Арцём плануе аднавіцца ў каледжы і знайсці нейкую працу, бо на зарплату мамы, якая працуе прадавачкай, асабліва не пражывеш.

«Я паступаў у Брэсцкі педуніверсітэт на настаўніка хіміі і біялогіі, але не прайшоў на бюджэт. На платным вучыцца грошай няма, таму пайшоў у мясцовы каледж. Вучыўся на электрыка-зваршчыка. Цяпер планую давучыцца, а пасля, як устану на ногі, ўсё ж атрымаць і вышэйшую адукацыю, — тлумачыць Арцём. —

Таксама планую знайсці нейкую падпрацоўку. Дома рамонт трэба рабіць. Сёння прыбіраўся ў хаце цэлы дзень — я цяпер за мужчыну ў доме, трэба наводзіць парадак».

Улад Швядовіч
https://nashaniva.by/?c=ar&i=260140

Последние новости