haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Спорт

12.04.2023 09:37

845 просмотров

0 комментариев

Арына САБАЛЕНКА: «Я не бессардэчная пачвара...»

Праз месяц першая ракетка Беларусі адзначыць сваё 25-годдзе. І, трэба сказаць, што за гэты час у спартыўным плане яна шмат чаго дасягнула. Ёсць нагода ўспомніць пра тое, як Арына Сабаленка ішла да свайго поспеху, праз што давялося прайсці і «на якім свеце» яна сёння...

Дзяўчынка з характарам

Будучая першая ракетка Беларусі (на гэты момант — другая ракетка свету. — Аўт.) нарадзілася 5 мая 1998 годзе ў Мінску.

Вучылася ў звычайнай сталічнай школе, яшчэ ў дзіцячым узросце яе адвёў у тэнісную секцыю бацька. Менавіта пад яго ўплывам Арына і пачала займацца тэнісам, калі ёй было шэсць гадоў.

«Тата неяк праязджаў ля тэнісных кортаў і падумаў, а чаму б не паспрабаваць, — успамінала затым Арына Сабаленка. — Нашы інтарэсы супалі — тэніс мне спадабаўся адразу».

У групе дзяўчынка патрапіла да трэнера Алены Вяргеенка — дачкі вядомага футбольнага варатара мінскага «Дынама» Міхаіла Вяргеенкі. Зараз трэнер успамінае, які няпросты характар быў у Арыны, з якой яна адпрацавала каля шасці гадоў.

«Гэта было адзінае дзіця, з якім мне давялося (будаваць адносіны) вельмі складана, Арына запомнілася мне на ўсё жыццё, — распавяла «Народнай Волі» Алена Вяргеенка. — Я з характарам, і яна такая ж самая. Мы былі, як два бараны, якія спачатку разбягаліся, а затым біліся лбамі.

Працаваць разам было немагчыма, хаця я трэніравала Арыну на працягу шасці гадоў. Адзін раз выгнала яе з трэніроўкі, другі раз выгнала... Я ёй раблю заўвагу падчас трэніровачнага працэсу, а яна мне дзесяць слоў у адказ. У калектыве гэта чулі, мне было непрыемна... Энергетыка, эмоцыі проста ліліся ракой. Ішла на працу і думала — гэта ж не праца, а нейкая псіхалагічная пакута!

Калі ў Арыны нешта не атрымлівалася, тады астатнім трэба было «хавацца ў бульбу». Ракеткі лёталі па баках са свістам! А магла і мне сказаць некалькі слоў, як кажуць, «не для друку».

Першы трэнер успамінае, што калі Арыне Сабаленка было 11 гадоў, яна падышла да яе маці Юліі і шчыра сказала: або яе дачка будзе рабіць тое, што кажа настаўнік, або лепш развітацца.

«Атрымліваецца, што Арына Сабаленка стала адзіным маім вучнем, якога я фактычна выгнала са сваёй групы, — дадае Алена Вяргеенка. — Бацькі не маглі на яе паўплываць, хутчэй яна на іх уплывала. Яна ўжо ў дзіцячым узросце любіла даваць указанні. Такі характар — як сказала, так і будзе. І менавіта такі характар — вялізны плюс для тэнісіста. Я лічу, што толькі дзякуючы гэтаму яна зараз мае такі высокі рэйтынг у свеце. Перамагае за кошт свайго характару. У індывідуальным відзе спорту ты павінен быць нахабным.

Гэта я ўжо зараз разумею, што яе павінен быў трэніраваць мужчына. Мужык здолеў бы адразу трымаць Арыну ў лейцах».

Яе вяршыні

Першым спаборніцтвам, дзе ў 12-гадовым узросце перамагла Арына Сабаленка, стала адкрытае першынство СДЮШАР. Да пераходу на дарослы ўзровень у 2014 годзе спартсменка перамагла яшчэ на чатырох дзіцячых турнірах, аднак нізкі юніёрскі рэйтынг не даваў магчымасці Арыне адбірацца на юніёрскія турніры серыі Вялікага шлема. Таму яна пачала набіраць вопыт на дарослых турнірах Міжнароднай федэрацыі тэніса.

Восенню 2015 года Сабаленка ўпершыню выйграла два турніры-«дзесяцітысячнікі» ў Турцыі, а ў снежні таго ж года перамагла на «25-тысячніку» ў Індыі.

Паралельна са спаборніцтвамі Арына вучылася на завочным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры на спартыўна-педагагічным факультэце.

Пасля былі шматлікія перамогі на іншых прэстыжных спаборніцтвах, але толькі на пачатку гэтага года Арына Сабаленка дасягнула сваёй запаветнай мары — выйграла Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, які адносіцца да турніраў Вялікага Шлема. Пры гэтым яшчэ і зарабіла больш за 2 мільёны долараў.

Арына Сабаленка.

Безумоўна, марыць Арына і пра тое, каб паўтарыць дасягненне яшчэ адной беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранка — стаць першай ракеткай свету.

Сямейная трагедыя

У лістападзе 2019 года раптоўна памёр бацька Арыны — Сяргей Сабаленка. Яму было было ўсяго 43 гады. Гэта стала шокам для ўсіх, тым больш для спартсменкі!

Праз нейкі час тэнісістка распавяла журналістам пра іх сямейную трагедыю: «Тата памёр вельмі нечакана. У свае 43 гады ён быў моцным і здаровым. У яго здарыўся хуткацечны менінгіт. Мама тройчы выклікала „хуткую дапамогу“. Толькі на трэці раз „хуткая“ забрала тату ў бальніцу, калі ён ужо практычна знаходзіўся ў стане клінічнай смерці. Спрабавалі выратаваць, але праз тыдзень яго не стала».

Малая Арына з бацькам Сяргеем і маці Юліяй.

Сяргей Сабаленка раней і сам сябраваў са спортам — гуляў у хакей на пазіцыі варатара. Да 19 гадоў займаўся гэтым відам спорту прафесійна, пакуль не патрапіў у аўтамабільную аварыю. Затым выступаў толькі на аматарскім узроўні.

Пасля смерці бацькі на першым жа турніры, у якім прыняла ўдзел Арына Сабаленка, яна заявіла, што з гэтага часу ўсе свае перамогі будзе прысвячаць толькі тату. І дзеля гэтага збіраецца стаць першай ракеткай свету.

Калі Арына ў 2020 годзе выйграла турнір у Досе, то пасля перамогі сказала: «Вельмі складана было перамагчы, бо амаль кожны раз пасля матчаў я плакала, бо не атрымлівала паведамленняў ад таты. Я старалася сябе стрымліваць, але пасля перамогі ў Досе слёзы ўжо проста ліліся».

А яшчэ ў сацыяльных сетках Арына напісала: «Дзякуй, што не сказала пры жыцці, як моцна я цябе люблю і як моцна ганарылася табой! Гэта быў неверагодны чалавек! Добры сябра! Лепшы тата! І быў каменнай сцяной для маёй мамы! Многія думаюць, што я так лёгка перажыла гэтае гора. Не, нялёгка. Да гэтага часу, калі адна, я плачу, слухаю апошні аўдыёзварот таты да мяне, пераглядаю фота і відэа, успамінаю ўсе моманты, усе парады і не веру, што такі моцны чалавек сышоў так рана! Тата, я люблю цябе! Ты заўсёды будзеш у маім сэрцы! Ты — мая сіла, гонар і кроў. Нават калі ты на небе, я адчуваю цябе, мой анёл».

Асабістае жыццё

У мінулым годзе Арына Сабаленка адказвала на пытанні падпісчыкаў у сваім інстаграм-акаўнце.

Спыталі ў яе і пра асабістае жыццё: «Як вы пазнаёміліся з Канстанцінам Кальцовым «Я не памятаю, — адказала Арына. — Ён проста прыйшоў да мяне і сказаў, што з гэтага часу я яго...» Пасля гэтага Сабаленка прызналася, што пасля завяршэння тэніснай кар’еры хоча «быць маці траіх ці чацвярых дзяцей».

Трэба адзначыць, што былы ігрок «Пітсбурга» Канстанцін Кальцоў да нядаўняга часу быў у шлюбе з Юліяй Кальцовай, у 2019 годзе ў іх нарадзіўся трэці сын. Але праз нейкі час стала зразумела, што сям’я распадаецца.

Арына Сабаленка і Канстанцін Кальцоў . Фота з адкрытых крыніц.

Праз нейкі час Арына Сабаленка стала выстаўляць у сацыяльныя сеткі сумесныя фота з Кальцовым, які, дарэчы, старэйшы за яе на 17 гадоў.

У красавіку 2020 года Юлія Кальцова аб’явіла, што разыходзіцца з мужам.

«Звяртаюся да ўсіх дзяўчат, якія чапляюцца на чужых мужыкоў з дзецьмі ў сям’і! Гэта мярзотна! Гэта самы неверагодны і шчаслівы час, але і самы складаны, бо маленькае дзіця адымае шмат сіл, энергіі і часу... Можа так здарыцца, што і вы там некалі будзеце...» — напісала Юлія, пры гэтым адзначыўшы на сумесным здымку з Кальцовым інстаграм Арыны Сабаленка.

Сам Канстанцін Кальцоў выказваецца пра Арыну вельмі пяшчотна: «Яна — неверагодна чуллівы чалавек, якога немагчыма не любіць! Яе проста немагчыма не любіць!»

Фота з сацсетак.

Грамадзянская пазіцыя

Напрыканцы 2021 года беларуска замацавалася на другой пазіцыі ў сусветным рэйтынгу, стала першай ракеткай свету ў парным разрадзе, за сезон зарабіла амаль 3 мільёны долараў, хаця хапала і крытыкі ў яе адрас з боку балельшчыкаў.

Пры гэтым даставалася Арыне не толькі за яе паражэнні, але і за пазіцыю, якую яна агучыла пасля падзей 2020 года, падпісаўшы праўладны ліст спартсменаў.

«За гэта мне выказвалі і рэспект, была і нянавісць, — распавядала тэнісістка. — Кожны ўспрыняў па-рознаму. Зараз, безумоўна, вельмі шмат хейту. Але вось мая пазіцыя, і яна — такая. Ужо апісвала ў „Інстаграме: калі вы змагаецеся за пазіцыю, то чаму ненавідзіце мяне за маю пазіцыю? У кожнага чалавека яна свая.

Людзі лічаць мяне здраднікам. Яны хочуць, каб я заскочыла ў „Інстаграм са сцягам і крычала пра гэта. Але ў мяне іншая пазіцыя. Хаця я, безумоўна, уважліва назірала за падзеямі 2020 года. Я вельмі перажывала і перажываю, хочацца міру ва ўсім свеце. І каб Беларусь была такой жа мірнай, як была раней. Я не бессардэчная пачвара».

Былы старшыня Беларускай тэніснай асацыяцыі Сяргей Цяцерын пацвердзіў, што Сабаленка і на самай справе малайчына, бо яна «не блытае палітыку і спорт, для яе і краіна існуе, і дзяржаўны сцяг існуе».

«Яна выходзіць і змагаецца пад гэтым сцягам, пад нашым сцягам, пад беларускім, — адвешваў кампліменты спартсменцы Цяцерын. — Думаю, у Арыны хопіць сіл, каб яна прагрэсіравала, радавала ўсіх нас, усю нашу краіну і тых, каму наша краіна неабыякавая».

Самае цікавае, што на тых жа форумах не было практычна ніводнага слова падтрымкі ў адрас Арыны Сабаленка. Гэта, безумоўна, не паказчык «народнай любові» і не сацыялогія, але Арына мае тое, што мае.

А днямі спартсменка паскардзілася і на агрэсію з боку некаторых спартсменак, а таксама членаў іх каманд.

«Мне вельмі складана зразумець, чаму так шмат людзей на самай справе мяне ненавідзяць без прычыны, — сказала беларуская тэнісістка. — Я нічога ім не зрабіла... Я ўсё яшчэ размаўляю з некаторымі ўкраінкамі, але ёсць дзяўчаты, якія паводзяць сябе вельмі агрэсіўна».

Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Последние новости