haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Спорт

17.01.2017 12:56

883 просмотра

0 комментариев

Сусветны дзень снегу адзначылі лыжнымі гонкамі сярод сельскіх жыхароў Віцебшчыны

Абласныя фінальныя спаборніцтвы па лыжных гонках сярод сельскіх жыхароў Віцебшчыны «Залаты колас» адбыліся на лыжаролернай трасе ў Гарадку 14 студзеня. Амаль паўтары сотні аматараў лыж з 14 раёнаў вобласці прынялі ў іх удзел у Сусветны дзень снегу, ці, як яго яшчэ называюць, Міжнародны дзень зімовых відаў спорту.

У склад каманд раёнаў уваходзілі па чатыры юнакі і дзяўчыны 1999-2001 гадоў нараджэння і па сем мужчын і жанчын, якія спаборнічалі ва ўзроставых групах да 35 і старэйшыя за 35 гадоў. Дзяўчаты і жанчыны беглі дыстанцыі ў 3 км, юнакі і мужчыны — па 5 км з масавым стартам.

— Такія спаборніцтвы не толькі выяўляюць наймацнейшыя каманды і спартсменаў, — зазначыла кіраўнік шумілінскай дэлегацыі Іна Прасветава. — Галоўнае, што сяльчане імкнуцца да здаровага ладу жыцця, фізкультуры і спорту, адмаўляюцца ад заганных звычак, умацоўваюць здароўе і атрымліваюць станоўчыя эмоцыі.

Як і мае быць, падчас агульнага пастраення пад гукі дзяржаўнага гімна ў неба ўзвіўся сцяг Беларусі — і мас-старты пачаліся. Гарадакчане выглядалі ў іх вельмі годна: 1-е месца сярод дзяўчат заняла Вераніка Васількова, 3-е — Алена Пахомава; 2-е месца сярод жанчын ва ўзросце да 35 год — Анастасія Кубрыцкая; 1-е і 2-е месцы сярод мужчын ва ўзросце да 35 год занялі адпаведна Віктар Бабкоў і Іван Каралькоў; сярод мужчын ва ўзросце старэйшыя за 35 год 1-е і 3-е месцы — адпаведна Аляксей Імянны і Аляксандр Паршонак. Дзявоцка-юнацкая каманда нашага раёна заняла 1-е месца (2-е месца — у каманды Віцебскага раёна, 3-е — у каманды Аршанскага раёна), а жаноча-мужчынская — 2-е (1-е — каманда Глыбоцкага раёна, 3-е — Віцебскага). Аб гэтым паведаміў «раёнцы» інструктар-метадыст ФСК «Прамень» Віктар Шкуратаў.

Дарэчы, менавіта супрацоўнікі мясцовых ФСК і ДЮСШ аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама забяспечвалі дакладнае судзейства. Бездакорныя тэхнічныя ўмовы для правядзення спаборніцтваў стварылі работнікі базы падрыхтоўкі нацыянальных і рэгіянальных каманд Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту.

Медалі ўручаны пераможцам у асабістых заліках. Яны і прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы арганізатараў — упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.

Да арганізатараў жа і ўдзельнікі спаборніцтваў, і нешматлікія балельшчыкі мелі пэўныя пытанні. Сярод іх — адсутнасць анонсу мерапрыемства (была б аб’ява — у «Вераб’ях» было б значна больш гараджан), праз узмацняльную апаратуру не даводзіліся ўмовы правядзення гонак, іх ход. А чаму было не арганізаваць анімацыйныя пляцоўкі, дзе маглі б парухацца людзі, вольныя ад лыжных забегаў? Не раскласці невялікае вогнішча, вакол якога можна было б пагрэцца на працягу чатырох гадзін пры мінусавой тэмпературы? Чамусьці не было дзе папіць гарачага чаю ці з’есці цёплы піражок — на свежым паветры добра ўзмацняўся апетыт...

Маючы ў сваёй інфраструктуры такі выдатны, запатрабаваны спартыўны аб’ект, Гарадок быццам застаецца выкрэслены ў магчымасці прадэманстраваць сваю гасціннасць. Мы ж можам як след прыняць спартсменаў і іх групы падтрымкі, каб візіт быў узаемна выгадным і прыемным, каб гасцям захацелася вяртацца ў прыгожае месца, дзе іх так добра сустракалі!

Наступныя маштабныя спаборніцтвы, рэспубліканскі чэмпіянат МУС Беларусі па лыжных гонках, маюць адбыцца на лыжаролернай трасе 25-27 студзеня. Чакаем, што яны пройдуць на больш высокім арганізацыйным узроўні і выклікаюць інтарэс гарадакчан.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: удзельнікі мужчынскай зборнай Гарадоцкага раёна І. Паршонак, В. Бабкоў, А. Іваноў, А. Паршонак, А. Максімаў.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости