haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Спорт

18.05.2018 07:55

117 просмотров

1 комментарий

Рука Бога, адрэзаныя ногі і тату зь Фідэлем: 8 фактаў пра Дыега Марадону, новага мэнэджара берасьцейскага «Дынама»

Прэс-служба футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) пацьвердзіла факт прызначэньня старшынём праўленьня ў мінулым слыннага аргентынскага футбаліста Дыега Марадоны. Да гэтага інфармацыя з боку берасьцейцаў упарта абвяргалася.

Кантракт разьлічаны на тры гады, да працы Марадона зьбіраецца прыступіць у ліпені-жніўні, пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі. Удакладняецца, што ў ягоныя абавязкі будуць уваходзіць пытаньні стратэгічнага разьвіцьця каманды, узаемадзеяньне з усімі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй «Дынама».

Спартовыя журналісты дружна называюць падзею піяр-акцыяй, ад якой цяжка чакаць чагосьці вартага. Як паказвае досьвед, пасьля завяршэньня кар’еры гульца ўся дзейнасьць Марадоны ў якасьці спартовага функцыянэра ці трэнэра ператварылася ў суцэльны шлейф скандалаў і няўдачаў.

З халупаў — на футбольны алімп

Дыега Марадона ў якасьці трэнэра падчас папярэдняга раўнду матчу чэмпіянату свету па футболе 2010 году групы В паміж Грэцыяй і Аргентынай

Дыега Марадона нарадзіўся 30 кастрычніка 1960 году ў бедным прадмесьці Буэнас-Айрэсу. Як кажуць у такіх выпадках, хадзіць і гуляць у футбол пачаў амаль адначасова, таму ўсё ягонае жыцьцё зьвязанае з улюбёным спортам. Згуляў амаль 100 матчаў у складзе зборнай Аргентыны, выступаў за італьянскі «Напалі», гішпанскія «Барсэлёну», «Сэвільлю» ды іншыя клюбы.

Марадона ўвайшоў у лік найлепшых футбалістаў XX стагодзьдзя, хоць не без скандалу. Паводле апытаньня ФІФА, большая частка рэспандэнтаў (53,6%) аддалі галасы за аргентынца. Нягледзячы на гэта, званьне было прысуджана іншаму легендарнаму гульцу, бразыльцу Пэле. Марадона пакрыўдзіўся на арганізатараў і аспрэчыў рашэньне. У выніку «найвялікшымі футбалістамі» былі названыя абодва. Пасьля атрыманьня ўзнагароды Марадона дэманстратыўна пайшоў з цырымоніі, не дачакаўшыся ўшанаваньня калегі.

«Рука Бога» і «адрэзаныя ногі»

Дыега Марадона 29 чэрвеня 1986 у Мэхіка перад пачаткам фіналу чэмпіянату сьвету паміж Аргентынай і Заходняй Нямеччынай.

22 чэрвеня 1986-га адзначылася падзеяй, якую сам Марадона назваў «рукой Бога». Падчас чэмпіянату сьвету ў Мэксыцы ў матчы паміж зборнымі Аргентыны і Вялікай Брытаніі Марадона літаральна «ўнёс» мяч левай рукой у вароты саперніка. Арбітар ня разгледзеў парушэньня ў гульнявы момант, а сам футбаліст працяглы час катэгарычна абвяргаў гульню рукой. Толькі празь некалькі гадоў аргентынец прызнаўся ў «выхадцы», але сказаў, што гэта была «рука Бога».

Свой апошні гол за зборную Дыега Марадона забіў у вароты грэкаў на мундыялі 1994 году ў ЗША. Аднак пасьля двух матчаў быў дыскваліфікаваны, прычына — станоўчая допінг-спроба. У аналізах знайшлі эфэдрын. У тыя дні ён вымавіў яшчэ адну славутую фразу: «Мне адрэзалі ногі». Нягледзячы на гэта, ён быў адлічаны са зборнай. Усе наступныя спробы аднавіць кар’еру скончыліся няўдачай. Ужо ў сярэдзіне 1990-х Дыега стаў бледным ценем таго футбаліста, якога любілі мільёны.

Футбольная залежнасьць зьмянілася наркатычнай

Дыега Марадона, 2009 год

​Прычынай дачаснага завяршэньня прафэсійнай кар’еры Марадоны стала наркатычная залежнасьць. У біяграфічнай кнізе «Рука Бога» футбаліст сам успамінае, што пазнаёміўся з наркотыкамі яшчэ ў Барсэлёне. У Напалі залежнасьць толькі ўзмацнілася.

Упершыню на допінг-кантролі ён папаўся адразу пасьля чэмпіянату сьвету 1990 году, дзе Аргентына дайшла да фіналу. У мачы капітана зборнай былі выяўленыя сьляды какаіну. Марадона на 15 месяцаў быў адлучаны ад футболу. Па заканчэньні дыскваліфікацыі Дыега пакінуў Італію, але ні ў Гішпаніі, ні на радзіме вярнуцца на ранейшы ўзровень так і ня здолеў. Яго імя ўсё часьцей згадвалася ў скандальных хроніках, дайшло да таго, што ён адстрэльваўся ад журналістаў з пнэўматычнай зброі.

130 кг жывой вагі на 167 см росту

Падчас рэклямнай акцыі напярэдадні адкрыцьця чэмпіянату Эўропы 2016 году ў Парыжы

​Разгульны лад жыцьця давёў некалі хутканогага Марадону да таго, што пры росьце 167 сантымэтраў ён стаў важыць амаль 130 кіляграмаў. Толькі пагроза незваротных ускладненьняў падштурхнула да апэрацыі. У 2005 годзе ў адным з калюмбійскіх шпіталяў яму выдалілі частку страўніка. Дзякуючы гэтаму аргентынец прыкметна схуднеў і цяпер трымае цела ў рамках 80 кіляграмаў, што ўсё роўна зашмат для невысокага росту. Яго працаўладкаваў на пасаду віцэ-прэзыдэнта клюб «Архентынас Хуніёрс», ён пачаў весьці на тэлебачаньні шоў «Вечар зь дзясятым нумарам».

На радзіме ён трэнаваў клюбы «Тэкстыль Мандыя», «Расінг», а ў 2008 годзе яму далі пакіраваць зборнай Аргентыны. Зь ёю Марадона дайшоў да чвэрцьфіналу чэмпіянату сьвету 2010-га, дзе быў разгромлены немцамі (0:4). Пасьля гэтага спрабаваў свае сілы ў іншых чэмпіянатах, але нідзе надоўга не затрымаўся. Вялікі трэнэр зь вялікага футбаліста не атрымаўся.

Пэрсона нон-грата ў Італіі

Ілюстрацыйнае фота. Дыега Марадона падчас прэс-канфэрэнцыі ў Нэапалі, 26 лютага 2013 году

Яшчэ ад часоў выступленьня за «Напалі» Дыега Марадона не сплаціў вялікія сумы падаткаў, якія на гэты момант наблізіліся да 40 мільёнаў эўра. Таму, калі раз-пораз яго заносіць у Італію, ён рызыкуе пазбавіцца каштоўных рэчаў. Напрыклад, у 2006 годзе італьянская паліцыя канфіскавала ў футбаліста гадзіньнік Rolex, а яшчэ праз тры гады завушніцу з вуха, якую потым прадалі на аўкцыёне. Ад таго часу Марадона стараецца трымацца ад Апэнінаў далей.

Апошнім часам ён працаваў у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Спачатку трэнаваў клюб «Аль-Васл», а затым перайшоў у «Аль-Фуджайра», паабяцаўшы, што здолее вывесьці каманду ў элітны дывізіён унутранага чэмпіянату. Аднак выканаць задачу не атрымалася і настаўнік апынуўся бяз працы. І тут падвярнулася вакансія зь Беларусі. Дарэчы, характар працы не вымагае пастаяннай прысутнасьці ў Берасьці, падобныя абавязкі можна выконваць дыстанцыйна.

Лявацкі культ Фідэля і Чэ Гевары

Дыега Марадона і Уга Чавэс, 2010 год

​Шмат гадоў Дыега Марадона сябраваў з кубінскім лідэрам Фідэлем Кастра. На Кубе ён ратаваўся ад дэпрэсіі і лячыўся ад какаінавай залежнасьці пасьля таго, як трапіў у адну з клінік Уругваю з сардэчным прыступам ад перадазаваньня наркотыкаў. Іншаземцам забаронена набываць нерухомасьць на востраве, але калі Марадона выказаў такое жаданьне, Кастра зрабіў для яго выключэньне.

На знак удзячнасьці партрэт Фідэля вытатуяваны на левай назе Дыега, якой ён забіў большасьць сваіх галоў. На памяць пра камандантэ засталася фуражку ў колерах мілітары з аўтографам і некалькі бутэлек славутага кубінскага рому. Апроч таго, на правым плячы экс-футбаліста красуецца выява яшчэ аднаго ягонага куміра, земляка Чэ Гевары. Апроч таго, аргентынец ганарыўся сяброўствам зь іншым лацінаамэрыканскім леваком, прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам.

Фанат Пуціна і крытык Трампа

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, бразыльская легенда футбола Пэле і Дыега Марадона. 2017 год

​У 2011 годзе Дыега Марадона разам з прэзыдэнтам Чачні Рамзанам Кадыравым адкрыў новы стадыён у Грозным. Летась ён прыехаў у Маскву і заявіў, што гатовы ўзначаліць зборную Расеі — праўда, там гэтую прапанову ўспрынялі без асаблівага энтузіязму. Тым ня меней пахваліў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, сказаўшы, што пасьля Фідэля Кастра і Уга Чавэса расейскі лідэр разам з калегамі зь Нікарагуа Даніэлем Артэгам і Балівіі Эвам Маралесам уяўляе «найвышэйшую лігу» палітыкі.

І дадаў, што ня бачыць у ролі палітыка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. «Для мяне ён хутчэй герой коміксу або мультфільму. Кожны раз, калі бачу яго па тэлевізары, пераключаю канал», — падсумаваў ён. На яго перакананьне, на ўвесь сьвет празьмерна ціснуць правыя на чале з ЗША. І іх трэба стрымліваць усімі магчымымі спосабамі.

Лідэр Чачні Рамзан Кадыраў (зьлева) і Дыега Марадона падчас адкрыцьця новага футбольнага стадыёну ў Грозным, 11 траўня 2011 году

Ня самы ўдалы трэнэр

Апошнім месцам працы Дыега Марадоны пасьля шматгадовага перапынку ў трэнэрскай кар’еры быў футбольны клюб «Фуджайра» ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Ён прабыў трэнэрам менш за год і сышоў у канцы красавіка пасьля таго, як ня здолеў вывесьці каманду з другой ў першую лігу без стыкавых гульняў.

Ігар Карней

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий: