Віцебскае ўпраўленне Нацыянальнага статыстычнага камітэта апублікавала дадзеныя аб развіцці вобласці за дзесяць месяцаў 2022 году. Гэтыя табліцы даюць больш-менш дакладную інфармацыю аб становішчы адміністратыўных адзінак рэгіёна за студзень-кастрычнік гэтага году.Сёння звернепм увагу на развіццё бульбаводства ў паўночнай вобласці Беларусі.
Адразу адзначым, што ў сямі раёнах Віцебшчыны не займаліся бульбаводствам. Пры гэтым першы год не вырошчвалі бульбу ў Лёзненскім і Сенненскім раёнах.
Яшчэ ў сямі раёнах, уключаючы і Гарадоцкі, вырасцілі менш 200 тон бульбы. Прычым у Браслаўскім толькі 15 тон, Аршанскім 26 тон і Гарадоцкім 40 тон. Пры гэтым ураджайнасць бульбы склала ў Браслаўскім раёне 75 ц/га, а ў Гарадоцкім — 80 ц/га. Відавочна, што з нашымі цяжкімі землямі пры малай контурнасці палёў бульбай займацца складана. Бо такая ўраджайнасць сведчыць, што, як кажуць у народзе, колькі пасадзілі амаль столькі і накапалі. Відавочна, што гэтыя 5 гектар у нас і 2 га ў Браслаўскім раёне лепш засеяць зернавымі, чым мець такую ўраджайнасць ў цяперашні час.
Бульбаводствам добра на Віцебшчыне займаюцца ў Талачынскім, Віцебскім і Полацкім раёнах, дзе маецца сучасная тэхналогія вырошчвання і ўборкі бульбы. Тут адпаведна вырасцілі ўраджай бульбы ў 35 825 т, 16 850 т. і 8874 т. Адпаведна ўраджайнасць склала ў Талачынскім раёне 358 ц/га, Віцебскім — 345 ц/га, а Полацкім — 312 ц/га. Варта адзначыць, што самую высокую ўрадлжайнасць бульбы атрымалі ў суседнім Шумілінскім раёне — 361 ц/га, накапаўшы 541 тону бульбы, што больш пяці разоў, чым мінулым годам.
Віцебшчына па вырошчванню бульбы ў 2022 годзе рушыла ўверх, сабраўшы ў гэтым годзе 65 211 тон супраць 47 283 тон мінулага году. Ды і ўраджайнасць істотна павялічылася: з 273 ц/га да 334 ц/га. Але па краіне гэта апошняе месца па валу, але па ўраджайнасці — першае!
Паглядзіце, як Віцебшчына выглядае па бульбе сярод рэгіёнаў Беларусі.
Таму сваёй бульбай займацца трэба — якасна і тэхналагічна.
Лявон Гаравы
Паводле: https://www.belstat.gov.by/