haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

25.12.2015 08:18

1089 просмотров

0 комментариев

Вулічнае асвятленне сельскіх населеных пунктаў Гарадоччыны

У зоне абслугоўвання Гарадоцкага раёна электрасетак РУП «Віцебскэнерга» знаходзяцца 338 населеных пунктаў Гарадоччыны, у якіх размешчаны 562 трансфарматарныя падстанцыі, і працуюць 2313 свяцільняў. Пра гэта піша «Гарадоцкі веснік»

Сёлетняя зацяжная восень, якая ніяк не пяройдзе ў зіму з бялюткім снегам, ад якога адбівалася б святло месяца, стварае ўражанне, што ў гэтым годзе, як ніколі, цёмна з пяці вечара да дзевяці раніцы. Але лямпачкі на слупах гараць, на выкананне сацыяльных стандартаў адказныя не забываюцца.

Як расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў С.Л. Зуева, з раённага бюджэту на вулічнае асвятленне сельскіх населеных пунктаў Гарадоччыны на 2015 было выдзелена 406 млн рублёў. Гэтыя сродкі амаль поўнасцю былі расходаваны на адпаведныя патрэбы практычна за першыя зімова-вясновыя месяцы. Цяпер даводзіцца перакідваць грошы з іншых стацей бюджэту — таксама сціплых. Таму ліхтары гараць пераважна ля аб’ектаў, якія маюць сацыяльную значнасць, напрыклад, ля магазінаў, школ, на аўтобусных прыпынках, абазначаюць пачатак і канец вёсак. Уключыць святло на кожным слупе няма эканамічнай магчымасці.

Права падаць заяўкі на рамонт вулічнага асвятлення захавана выключна за сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Менавіта яны папярэдне збіраюць заяўкі ад жыхароў вёсак і аграгарадкоў. Сельвыканкамы, прааналізаваўшы, якімі сродкамі валодаюць, вырашаюць, дзе асвятленне сапраўды неабходна. Пры гэтым яны кіруюцца п.7 «Удзельная вага асвятлення вуліц» загада № 116 Міністэрства ЖКГ Беларусі, у якім запісана, што на вясковых вуліцах, дзе пастаянна пражывае насельніцтва, павінна быць не менш дзвюх-трох свяцільняў.

— Каб зрабіць паслугі па асвятленню сельскіх населеных пунктаў таннейшымі, мы закупляем свяцільні, лямпы розных тыпаў, дэталі пускавой апаратуры ў межах сродкаў, якія ёсць у сельскіх выканаўчых камітэтаў, цэнтралізавана, практычна па іх сабекошту, — расказвае начальнік Гарадоцкага РЭС А.У. Слепаў. — Усё неабходнае маецца ў наяўнасці з запасам. На трансфарматарных падстанцыях усталёўваем пускавую апаратуру, якая кіруе вулічным асвятленнем. Дзесьці выкарыстоўваюцца таймеры, настроеныя па пэўных параметрах, дзесьці — фотарэле. Гэта спрыяе таму, каб ліхтары не напальвалі электраэнергію ў той час, калі няма патрэбы ў іх рабоце. Сёння ў эксплуатацыі знаходзяцца пераважна энергазберагальныя свяцільні беларускай вытворчасці магутнасцю 42 Вт.

Рамонтам і абслугоўваннем вулічнага асвятлення ў сельскай мясцовасці займаецца непасрэдна брыгада «Аднаго акна», у склад якой уваходзяць электраманцёр Сяргей Папяленка, майстар Аляксандр Ільюшчанка і вадзіцель Юрый Алемпееў (на здымку). Менавіта яны, вобразна кажучы, забяспечваюць, каб суцэльную цемру прарэзвалі прамяні святла. З запланаванымі аб’ёмамі работ электрыкі спраўляюцца своечасова.

— Павесіць ліхтар — не праблема, сцвярджаюць мужчыны. — Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: навыкі, прыстасаванні, уключаючы аўтавышку, электрапрыборы. Пытанне ў тым, каб у спажыўцоў былі грошы на падтрыманне сетак вулічнага асвятлення ў спраўным стане, выкананне нашых паслугі, разлікі за спажытую электраэнергію.

Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

http://www.garadvest.by/2015/12/ab-vulichnym-asvyatlenni-selskix-naselenyx-punkta%D1%9E-garadochchyny/#more-6871

Последние новости