haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

07.01.2016 13:23

1112 просмотров

0 комментариев

Віцебскія прадпрымальнікі: «Ня хочам ніякіх мітынгаў і пратэстаў, хочам проста працаваць»

Дэлегацыя прадпрымальнікаў з розных гандлёвых цэнтраў і кірмашоў Віцебску наведала аблвыканкам. Прадпрымальнікі перадалі ўладам рашэньне ўчорашняга сходу пра тое, што не адновяць працу, пакуль ня будзе адменены ўказ № 222.

Прадпрымальнікі каля аблвыканкаму

Пасьля ўчорашняга сходу, дзе было прынята рашэньне пра візыт да ўладаў, прадпрымальнікаў у аблвыканкаме, падобна, ужо чакалі. Прынамсі, ім арганізавалі сустрэчу з прадстаўнікамі цэлага шэрагу адказных службаў, кажа Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:

«Прадстаўнікі гандлёвых цэнтраў „Эвіком“ і „Беларусь“, кірмашоў „Паўднёвы“, „Полацкі“ і „Смаленскі“ сёньня, як і дамаўляліся ўчора на сходзе, наведалі аблвыканкам. Мы зьбіраліся пакінуць рашэньне сходу з тлумачэньнямі, чаму ўказ № 222 для нас невыканальны.

Нас прыняў намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч, вельмі хутка сабраліся прадстаўнікі абласной падатковай інспэкцыі, аддзелу гандлю, дзяржстандарту і дэпартамэнту прадпрымальніцтва. Размаўлялі мы больш за гадзіну, прыблізна гадзіны паўтары. Нашы тлумачэньні выслухалі, нешта спрабавалі аспрэчыць. Мы перадусім тлумачылі, што нам больш не патрэбныя адтэрміноўкі і пераносы, бо сытуацыя ад гэтага толькі пагаршаецца.

Мы папрасілі ўключыць у абласную раду па прадпрымальніцтве нашых прадстаўнікоў, у тым ліку з рэгіёнаў. Магчыма, нам дадуць там тры месцы, і тады ў радзе будуць людзі, якія змогуць прадстаўляць інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў».

Праблему, зьвязаную зь дзеяньнем указу № 222, удалося толькі абмеркаваць. Прадпрымальнікі Віцебску і іншых гарадоў вобласьці так і не выходзяць на працу, спыніўшы яе 1 студзеня. Настрой у людзей кепскі — працаваць нельга, бо без дакумэнтаў пра сэртыфікацыю тавараў можна падпасьці пад вялікія штрафы ці нават канфіскацыі, кажа прадстаўнік кірмашу «Паўднёвы» Андрэй Закрэўскі:

«Пакуль настрой у нас ня вельмі добры. Трэба працаваць, а мы ня можам. Незразумела як. Дужа вялікія штрафы, а з дакумэнтамі, якіх патрабуюць ад нас, вялікія праблемы. Застаецца хіба спадзявацца, што неяк знойдуць выйсьце з гэтага становішча».

Паводле дэлегата ў аблвыканкам Руслана Буракова, старшыні рады прадпрымальнікаў «Полацкага» кірмашу, пытаньне пра ўказ № 222 павінна быць вырашана не на ўзроўні аблвыканкаму, а вышэй:

«Прыемна, што ўлады нас пачулі, што прынялі. Бо першапачаткова нам прапанавалі проста пакінуць нашы дакумэнты ў прыёмнай. Але нас пагадзіліся прыняць. Мы выдатна разумеем, што на дадзеным узроўні пытаньне не вырашаецца. На ўсе нашы пытаньні ў іх ёсьць, канечне, ужо гатовыя адказы. Але мы спадзяёмся, што нашы пытаньні абласныя чыноўнікі перададуць вышэй, і там, наверсе, будзе прынята нейкае рашэньне. Хацелася б, каб зь ім не зацягвалі, каб вырашалі хутчэй. Бо мы ня хочам ніякіх мітынгаў, ніякіх стыхійных пратэстаў — мы проста хочам працаваць».

Пакуль што віцебскія прадпрымальнікі працы не аднаўляюць. Кірмашы і гандлёвыя цэнтры будуць стаяць пустыя прынамсі да 12 студзеня. На гэты дзень прызначаны чарговы прадпрымальніцкі сход, на якім будуць абмеркаваныя вынікі паходу ў аблвыканкам, і будзе вырашана, што рабіць далей.

Чытаць і глядзець поўнасцю тут: http://www.svaboda.org/content/viciebskija-pradprymalniki-nia-chocam-nijakich-mitynhau/27471966.html

Последние новости