haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

21.07.2016 23:19

739 просмотров

0 комментариев

Каб пакласці 2 рублі на тэлефон, давядзецца аддаць Беларусбанку 1 рубель камісіі

Вечарам 18 ліпеня прэс-служба Беларусбанка паведаміла, што ад 1 жніўня ў банку ўводзяць камісійны збор у памеры Br 1 за ўсе наяўныя плацяжы. Разбіраемся, што гэта азначае ў рэальнасці.

За што будуць браць 1 новы рубель?

Фактычна, за адзін падыход да касавага акенца. Ад 1 жніўня, калі вы захочаце аплаціць нейкія паслугі ў касах Беларусбанка, давядзецца да агульнай сумы дадаць адзін рубель. Пры гэтым няважна, адзін у вас рахунак, альбо адразу дзесяць. У абодвух выпадках банк папросіць у вас адзін рубель камісіі і не больш.

Ці возьмуць камісію, калі я захачу пакласці ўсяго два рублі на рахунак мабільніка?

Так, возьмуць: касіру Беларусбанка давядзецца аддаць не два, а тры рублі. «Памер збору фіксаваны і не залежыць ад сумы плацяжу. У выпадку, які вы называеце, я б параіла скарыстацца тэрміналам самаабслугоўвання», — гавораць у прэс-службе Беларусбанка.

Што з тэрміналамі?

Тут усё нармальна і па-ранейшаму. Яны не будуць браць у вас камісію. Таму калі хочаце эканоміць і раней не карысталіся гэтымі дзіўнымі штуковінамі — самы час навучыцца.

Ці давядзецца аддаваць рубель, калі я захачу памяняць валюту?

Не. Камісію Беларусбанк збіраецца браць толькі за прыём плацяжоў, таму калі вы захочаце абмяняць рублі на еўра альбо еўра на рублі, ніхто ваш адзін рубель сабе не забярэ.

Якія яшчэ ёсць выключэнні?

Выключэнняў даволі шмат. Камісія не будзе забірацца, калі вы захочаце перавесці грошы на дабрачыннасць, заплаціць па крэдыце, узятым у Беларусбанку, правесці плацеж праз касіра з дапамогай уласнай банкаўскай карткі. Таксама вызваленыя ад рублёвай камісіі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Не возьмуць з вас рубля і тады, калі вы захочаце папоўніць свой уласны рахунак.

Куды пойдуць грошы?

На дабрачыннасць. Гэта ўсё, што вядома на дадзены момант. У Беларусбанку Еўрарадыё паведамілі, што больш канкрэтна пакуль не могуць сказаць. Усё будзе залежаць ад сабранай сумы. «А раптам зараз усе захочуць эканоміць і навучацца карыстацца тэрміналамі і інтэрнэт-банкінгам?» — гавораць там. Аднак у адваротным выпадку ўсе сабраныя грошы будуць накіраваныя на дабрачынныя мэты пасля кансультацыі з Міністэрствам сацыяльнай абароны.

Навошта ўсё гэта?

У Беларусбанку Еўрарадыё тлумачаць, што і так амаль апошнімі пайшлі на такі крок: «Толькі Белаграпрамбанк застаўся, усе даўно перайшлі на збор камісіі». Няцяжка таксама здагадацца, што такім чынам банкі спрабуюць абараніцца ад вялізных чэргаў ахвочых аплаціць камунальныя плацяжы. Магчыма, цяпер людзі насамрэч будуць вучыцца карыстацца іншымі метадамі аплаты.

Ці законныя такія крокі банкаў?

З такім пытаннем звяртаемся да прэс-сакратара Нацыянальнага банка Аляксандра Цімашэнкі. Ён пацвярджае: гэта законны крок. Усе беларускія банкі могуць самастойна вызначаць памер камісіі, якую будуць збіраць за правядзенне плацежных аперацый.

Алесь Пілецкі, «Еўрарадыё»


Навіна ўзята з сайта beshankovichy.by

Последние новости