haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

09.06.2017 09:47

952 просмотра

3 комментария

За апошнія гады баршчэўнік Сасноўскага паспяхова перамагае мясцовыя ўлады Віцебшчыны і асабліва ў Гарадоцкім раёне.

Апошняя інфармацыя з дзяржаўных крыніц сведчыць, што баршчэўнік Сасноўскага амаль на трэць павялічыў папуляцыю ў паўночным рэгіёне Беларусі. І гэта пры тым, што з 2008 года вядзецца бюджэтнае фінансаванне барацьбы з прыродным монстрам, на якую быў выдаткаваны не адзін мільён даляраў.

Тутэйшая бюракратыя дзеля абгрунтавання сваёй карыснасці ў накірунку барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага напрацавала дастаткова папер, каб ведаць як варта змагацца з прыродным монстрам, які найперш у Беларусі атакуе Віцебскую вобласць.

Яшчэ ў 2008 годзе беларускі ўрад прыняў «План дзеянняў па прадухіленні і мінімізацыі шкоды ад распаўсюджвання шкоднаснага чужароднага віду расліны — баршчэўніка Сасноўскага». Па гэтаму плану пачалося фінансаванне барацьбы з прыродным драпежнікам, у якога адна расліна можа даваць больш 100 тысяч семян у год.

У той час спецыялісты ў змаганні з баршчэўнікам сведчылі, што арэал яго распаўсюду складае на Віцебшчыне 43% ад плошчы займаемай дрпапежнікам у краіне. І гэта прыблізна каля 1500 га.

У 2009 годзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдала ў студзені пастанову № 2 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў дзікарослых раслін», у якой прапанавала план змагання з інвазіўнымі раслінамі і ў асаблівасці з баршчэўнікам Сасноўскага на Беларусі.

Але прайшло амаль дзесяцігоддзе, калі штогод вылучаліся значныя бюджэтныя сродкі на фінансавання «змагання» з баршчэўнікам, толькі гэтыя грошы былі «выкінуты ў паветра». Апошняе сумеснае пасяджэнне Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і землеўпарадкавальнай службы Віцебскага аблвыканкаму засведчыла, што за апошняе дзесяцігоддзе плошча распаўсюду баршчэўніка на Віцебшчыне павялічылася з 1600 га да 2100 га — больш чым на 31% і дасягнула 74% ад агульнай плошчы баршчэўніка ў краіне.

«Віцебскія весці» ў сваёй інфармацыі з пасяджэння напісалі: «Больш за ўсё клопатаў баршчэўнік дастаўляе Ушацкаму раёну, дзе займае больш за 1 тыс. га, а гэта 50,7% ад агульнай плошчы яго распаўсюду на Віцебшчыне. У ліку найбольш пакутваючых ад інвазівнай расліны таксама Віцебскі (252 га, або 12%), Гарадоцкі (295 га, 11,8%), Браслаўскі (150,2 га, 7,3%) і Талачынскі (90,6 га, 45 %) раёны.»

Відавочна, што аўтары не звярнулі ўвагі на памылку пра плошчу баршчэўніка ў Гарадоцкім раёне, бо 295 га — гэта 14,0% ад 2100 га ўсёй плошчы монстра ў Віцебскай вобласці. Але і 245 га, як нядаўна напісала мясцовая газета, гэта значна больш, чым апошнія гады казалі тутэйшыя эколагі пра распаўсюд баршчэўніка ў Гарадоцкім раёне. Нагадаем, што ўсе апошнія гады эколагі заяўлялі пра прыблізна 160 га баршчэўніка на Гарадоччыне. А тут за зімовы перыяд аказалася, што плошча вырасла да 245 га — амаль на 53%.

Таксама «Гарадоцкі веснік» паведамляе, што ўсяго выяўлена 519 месцаў росту баршчэўніка Сасноўскага: 95 месцаў у населеных пунктах плошчай 23,4 га, 152 месца на плошчы 45 га зямель сельскагаспадарчага прызначэння, 14 месцаў на плошчы 36,6 га на землях ляснога фонду і не выяўлена месцаў на землях асабліва ахоўваемых тэрыторый і на тэрыторыях прылеглых да іх. Але нічога не паведамляецца пра тое дзе яшчэ размешчаны 258 пунктаў распаўсюду баршчэўніка на амаль 140 га.

Відавочна, што «змаганне» з баршчэўнікам і ў гэтым годзе будзе марным, калі не зменіцца механізм дзеянняў мясцовых уладаў у гэтай «барацьбе» з зялёным монстрам.

Найперш варта мець адкрыты рэсурс пра барацьбу з баршчэўнікам, дзе ў інтэрактыўнай форме было б бачна, як вядзецца змаганне з баршчэўнікаў ва Ўшацкім, Віцебскім, Гарадоцкім і іншых раёнах, якія церпяць ад наступу драпежніка. Па другое, варта мець у адкрытым доступе інфармацыю пра канкрэтнае выкарыстанне адказнымі арганізацыямі бюджэтных сродкаў на змаганне з баршчэўнікам. Бо да гэтага часу падаткаплацельшчыкі не ведаюць, як гэтыя бюджэтныя грошы выкарыстоўваліся амаль 10 гадоў. Але бачна, што па вялікаму рахунку, яны ішлі на «падтрымку» баршчэўніка на Віцебшчыне.

Леанід Гаравы

Последние новости