haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

17.08.2017 07:01

1466 просмотров

0 комментариев

Пасля правядзення «Зажынак» хлебаробы «Віраўлянскага» гатовы выканаць задачу двух прэзідэнтаў

Не парушаючы народных традыцый, на шырокім жніўным полі ў «Віраўлянскім» 9 жніўня правялі прыгожы абрад Зажынак. Прыўзняты настрой, якім ахоплены ўсе, хто вядзе бітву за ўраджай, яшчэ больш палепшыўся, калі для камбайнераў прагучала жніўная песня, што дасталася нам у спадчыну ад жнеек, якія жалі налітыя зернем каласы сярпамі ўручную. Першы ўпрыгожаны сноп — гаспадару ніўкі, дырэктару філіяла «Віраўлянскі» Леаніду Гардзецкаму. Ад яго ж — словы ў дарогу мужчынам, на чые дужыя плечы зараз ускладзена высокая місія па ўборцы зерневых.

Агульная плошча зерневых і зернебабовых, якія належыць сёлета зжаць віраўлянцам, складае 1634 га, з іх азімымі культурамі занятыя 580 га і яравымі — 1054 га. На ўборцы працуюць шэсць камбайнаў КЗС-1218, на адвозцы — тры МАЗы.

— Перад намі двумя прэзідэнтамі — Беларусі і канцэрна «Дзецкасельскі» пастаўлена задача ў зжатыя тэрміны, без страт, якасна ўбраць ураджай 2017 года, — звярнуўся да камбайнераў і вадзіцеляў, занятых на ўборцы збожжавых, Леанід Мікалаевіч. Хлеб у нас вырас добры, неабходныя ўмовы для яго ўборкі створаны. Вы не навічкі ў высакароднай справе жніва. Так, пачаўся той 20-дзённы перыяд, калі ад кожнага з вас патрабуюцца вялікія намаганні на працягу доўгіх гадзін працаваць за штурвалам, за рулём, заставацца асабліва дысцыплінаванымі, сабранымі, адказнымі. Не сумняваюся, што вы справіцеся з гэтай работай годна, вамі будзе ганарыцца прадпрыемства, раён, краіна. Надзейнай вам тэхнікі і добрага надвор’я!

Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Груганава, якая ўручыла граматы і падарункі пераможцам раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы зялёнай масы. Дружным смехам сустрэлі працаўнікі сяла жарт старшыні Гарадоцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ірыны Дарошчанка наконт таго, што яна вырашыла пачаставаць мужчын «беленькай», так назваўшы бярозавы сок. Найлепшым жа і вельмі сімвалічным пачастункам сталі ўручаныя старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі «Віраўлянскага» Аленай Іваненка кожнаму ўдзельніку жніва караваі — такія ж, як і яны, румяныя, «загарэлыя».

Настаяцель храма Анастасіі Вызваліцельніцы Вязняў іераманах Ціхан асвяціў сельскагаспадарчую тэхніку, блаславіў на супольную работу без збояў усіх прысутных. Нешта спрадвечнае было ў тым, што поплеч з апранутымі ў зялёныя фірменныя футболкі гаспадаркі хрысціліся і культработнікі з аўтаклуба ЦТКіНТ у традыцыйных беларускіх строях. Такая вопратка падкрэслівала шанаванне хлебнай нівы, пераемнасць бацькоўскіх традыцый, цэнтральнае месца ў якіх аддаецца павазе да чалавека працы.

*********
У Гарадоцкім раёне створаны і плённа працуе раённы штаб па арганізацыі ўборкі ўраджаю і сяўбе азімых культур, які ўзначальвае старшыня райвыканкама П.П. Карабач. За кожнай сельскай гаспадаркай замацаваны адказныя работнікі з ліку работнікаў райвыканкама, райсельгасхарча, прадпрыемстваў. Напрыклад, П.П. Карабач курыруе ход важнейшых сельгасработ у КУСГП імя Дзімітрава, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.А. Маркоўскі — у КУСГП імя Свярдлова. Штодня адказныя з мэтай назірання за ходам жніва на месцах, аказання практычнай дапамогі наведваюць усе гаспадаркі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: на Зажынках у «Віраўлянскім».

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости