haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

06.11.2017 16:43

2351 просмотр

0 комментариев

У Беларусі заработная плата чыноўнікаў дэманструе рэкордны рост.

За год намінальная зарплата ў органах дзяржкіравання вырасла на 37,1%, рэальная — на 30,8%. Сярод усіх відаў дзейнасці ў Беларусі, у чыноўнікаў — максімальны рост зарплаты.

У Беларусі заработная плата чыноўнікаў дэманструе рэкордны рост. Паводле звестак Белстата, у верасні гэтага года намінальная зарплата работнікаў у сферы дзяржкіравання склала 1.084 рублі, тады як у верасні мінулага — 790,4. Такім чынам, за год намінальная зарплата ў органах дзяржкіравання вырасла на 37,1%, рэальная — на 30,8%.

Гэта максімальны рост зарплаты сярод усіх відаў дзейнасці ў краіне, пры тым што ўзровень заробкаў чыноўнікаў на 30,4% вышэйшы, чым у сярэднім па Беларусі.

Так, рэальная зарплата ў верасні 2017 года да верасня мінулага вырасла: на 19,4% — у машынабудаванні, на 13% — у металургіі, на 11% — у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, на 10% — у авіяцыі.

У некаторых відах дзейнасці яна знізілася: у паліграфіі — на 2,4%, страхаванні — на 2,2%, у дапаможнай дзейнасці паветранага транспарту — на 1,9%.

Рэальная зарплата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—верасні 2017 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года павялічылася на 1,3%, у верасні 2017 года ў параўнанні са жніўнем 2017 года — на 5,7%.

Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата бюджэтнікаў паводле вынікаў дзевяці месяцаў склала 597,5 рубля, у верасні — 636 рублёў, што на 36,1 рубля (або на 6%) больш, чым у жніўні.

Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў цэлым па краіне ў студзені—верасні склала 789,9 рубля, у тым ліку ў верасні — 831,3 рубля. Гэта на 13,1 рубля (на 1,6%) менш, чым у жніўні.

Такім чынам, зарплата чыноўнікаў органаў дзяржкіравання ў верасні перавысіла зарплату бюджэтнікаў у 1,7 разу, сярэднюю па краіне — у 1,3 разу.

Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, у верасні ў сферы дзяржкіравання было занята 66 тысяч 572 чалавекі (летась — 72.723 чалавекі).

У каментары БелаПАН дацэнт Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч адзначыў, што такі рост можа быць звязаны з аптымізацыяй колькаснага складу дзяржапарату. «Камусьці гэты працэс прыносіць значную прыбаўку да зарплаты, іншым — пошук новага месца працы. Скарачэнне дзяржслужачых заахвочваецца на высокім узроўні», — адзначыў Ярашэвіч.

Тое ж самае, дадаў ён, адбываецца і ў іншых структурах. «Напрыклад, ва ўніверсітэтах скарачаюць кафедры і стаўкі, што прыводзіць да росту зарплат кіраўнікоў. А звычайныя бюджэтнікі застаюцца на тарыфнай сетцы, звязанай са стаўкай першага разраду, якая падымаецца ў апошнія гады рэдка і ўсяго на 3-5%», — сказаў Ярашэвіч.

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук, у сваю чаргу, адзначыў, што рост зарплат дзяржчыноўнікаў звязаны з выкананнем пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам задачы давесці сярэднюю зарплату да канца года да 1.000 рублёў.

«Можна гэта зрабіць, павялічыўшы адной афіцыйнай групе зарплату на 70%, а іншай — не павялічваць зусім. У сярэднім „усім па 500“ (долараў у эквіваленце. — БелаПАН.) і атрымаецца. Многія будуць рады з яшчэ большым запалам выконваць валавыя паказчыкі, а астатнія, хто не дасягнуў 500, павінны разумець, што падачак больш не будзе», — лічыць эксперт.

Ён звярнуў увагу на тое, што дзяржрасходы два гады запар застаюцца на ўзроўні 42-43% ад ВУП і не зніжаюцца. Ёсць яшчэ так званыя забалансавыя выдаткі (прыблізна 5% ВУП). «Мы не можам кантраляваць расходы ўсіх органаў дзяржкіравання, таму ім лёгка перакінуць з аднаго артыкула расходаў на іншы, у тым ліку на павышэнне зарплат. Яны будуць праядаць грошы, замест таго каб накіроўваць іх на развіццё», — мяркуе эканаміст.
Марына Носава, БелаПАН

https://novychas.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст