haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

21.11.2017 17:51

3698 просмотров

0 комментариев

Гарадоччына пакланілася працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці напярэдадні іх прафесійнага свята.

Маштабнае, звонкае, яскравае раённае свята «Хвала і пашана вам, хлебаробы!» адбылося ў Гарадоцкім ГДК 17 лістапада.

У залатую скарбніцу нашага раёна, запоўненую дзякуючы рупнай працы механізатараў і жывёлаводаў, спецыялістаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дапаможных вытворчасцяў і шэфаў, як і кожны год, мы зазіраем восенню, падводзячы вынікі напружанай пары ад сяўбы да ўборкі ўраджаю.

«Перазімуем!» — запэўнівалі шматлікія выставы-прэзентацыі (у тым ліку з дэгустацыяй прадукцыі) прадпрыемстваў і арганізацый раёна, клубаў нацыянальнай кухні сельскіх устаноў культуры, народнага аматарскага аб’яднання Дома рамёстваў і фальклору «Зялёная альтанка». Вабіў водар адмысловых караваеў: упершыню быў наладжаны іх конкурс, пекары ўразілі і парадавалі — аб гэтым мы раскажам у наступным нумары газеты. Лепшы ж каравай, выпечаны ў кандытарскім цаху ГДАТК, заняў пачэснае месца на ўпрыгожанай сцэне, як галоўны сімвал свята сяльчан, нашых высакародных, але такіх сціплых карміцеляў.

Амаль паўтары гадзіны працягвалася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу Гарадоцкага раёна. Яе правялі старшыня райвыканкама Пётр Карабач і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксей Маркоўскі.

Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі, кветкі, шчырае пацісканне напрацаваных рук і добрае слова кіраўнікі даносілі кожнаму ўзнагароджанаму (іх спіс апублікаваны ў папярэднім нумары нашай газеты) не толькі ад раённых уладаў, асабіста сябе, але і ад кожнага земляка. Бо ніводную іншую прафесію, як прафесію, звязаную з клопатам аб зямлі і нашым хлебе надзённым, так глыбока і шчыра не паважае беларускі народ.

— Да хлеба, малака, мяса, гародніны — да таго, што кожны дзень павінна быць на стале ў кожнай сям’і, — і адносіны павінны быць асаблівыя, — падкрэсліў у віншавальным звароце П.П. Карабач. — Як і да тых, дзякуючы каму мы ўсё гэта маем. Гэты сельскагаспадарчы год быў на рэдкасць непрадказальным, а таму складаным. І ўсё ж нашы земляробы не спасавалі, уклалі ў даручаную справу ўсе свае намаганні, талент, душу. Слоў самай вялікай падзякі, пажаданняў дабрабыту, веры ў свае сілы, бясконцага аптымізму сёння заслугоўваюць усе, хто мае дачыненне да працы ў сельскагаспадарчай і перапрацоўваючай галінах!


Акурат 17 лістапада ў 2007 г., было ўтворана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Дзесяцігадовы юбілей гэтай арганізацыі старшыня яе абласной структуры, старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеў падзяліў менавіта з гарадакчанамі.


— Я не раз задумваўся аб тым, што, калі б нашы камбайнеры, механізатары, паляводы працавалі на больш прыдатных для земляробства нівах Брэстчыны ці Гродзеншчыны, перадавікамі станавіліся б усе, — зазначыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Працуючы ва ўмовах нязручнай контурнасці і камяністасці тутэйшых палёў, у сціслых тэрмінах выспявання сельгаскультур, вы ўсё ж дабіваецеся нядрэнных вынікаў, а гэта гаворыць пра ваш высокі прафесійны ўзровень.


Разам з віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі на адрас віноўнікаў урачыстасцяў У.У. Цярэнцьеў уручыў Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў дырэктару УП «Паўночны» С.І. Цітову і галоўнаму бухгалтару ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» Р.Я. Шапурынай (на здымку).

Ганаровымі граматамі абласнога аб’яднання РГА «Белая Русь» узнагароджаны старшыня Віраўлянскага сельвыканкама І.М. Бацян і бухгалтар УП «Паўночны» І.В. Самадзелава. Да віншаванняў далучылася старшыня раённага аб’яднання РГА «Белая Русь» Таццяна Пушкова, уручыўшы сувеніры і кветкі пераможцам раённага спаборніцтва з ліку моладзі.


Пад адабральныя апладысменты залы за падтрымку, якую пастаянна адчувае наш раён з боку гэтых кіраўнікоў, памятныя падарункі былі ўручаны старшыні аблсавета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеву і прэзідэнту канцэрна «Дзецкасельскі» Ю.М. Брагінцу. Гэты госць таксама скарыстаўся магчымасцю ад імя канцэрна, які ўзначальвае, узнагародзіць сваіх перадавікоў.


(на здымку: узнагароджванне трактарыста-машыніста філіяла «Віраўлянскі» Антона Сазонава)

Ветэранаў сельскагаспадарчай галіны, якія былі запрошаны на мерапрыемства ў якасці ганаровых гасцей, надзвычай парадавала, што ў рады працаўнікоў вёскі сёлета ўлілося больш за 20 маладых спецыялістаў. Па традыцыі іх віталі на свяце, уручыўшы падарункі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.


Параўнацца з музыкай залатых каласоў могуць хіба што песні, якія нарадзіліся і гучаць на беларускай зямлі. Таму лепшыя творчыя калектывы горада і раёна ўклалі ў кожны канцэртны нумар сваю любоў і падзяку працавітым вяскоўцам. Творчы падарунак быў адным з найлепшых прысвячэнняў, што давялося бачыць сценам галоўнага палаца раёна. На адным дыханні, выклікаючы ўсмешкі і кранаючы да слёз, змянялі адно другое выступленні. Падчас фінальнага нумара, «Мір вашаму дому», на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі канцэрта. Гледачы падняліся, не перастаючы адбіваць далоні ў такт галоўнаму пажаданню мерапрыемства, выказваючы нізкі паклон людзям, чыё агульнае імя — Хлебаробы.


Святлана ЯКАЎЛЕВА.

http://www.garadvest.by

Последние новости