haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

02.12.2018 07:00

808 просмотров

0 комментариев

Як даведацца, што вы «дармаед», і як даказаць адваротнае. Свабода схадзіла па лагіны і паролі ў Віцебску і Менску

1 сьнежня ў Беларусі стала даступнай створаная згодна з абноўленым «дармаедзкім» дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі база працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Свабода паспрабавала атрымаць да яе доступ у Менску і Віцебску. Вынік: прыходзьце ў іншы дзень і ў іншае месца і лагін і пароль далі, але ў базу ўвайсьці не ўдалося.

З 1 студзеня 2019 году «дармаеды» будуць плаціць па поўным тарыфе за некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі. Свабода высьвятляла, хто трапіць у базу і што зрабіць, каб вас зь яе выдалілі.

Каб даведацца, ці вы «дармаед», трэба атрымаць логін-пароль

База дадзеных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян («дармаедаў») з 1 сьнежня будзе разьмешчаная на Адзіным партале электронных паслуг.

У Нацыянальным цэнтры электронных паслуг карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ў асабістым кабінэце грамадзянін можа паглядзець, уключаны ён у базу ці не.

Для гэтага патрэбен электронны лічбавы подпіс альбо ўнікальны ідэнтыфікатар (логін, пароль).

Як яго атрымаць? Зьвярнуцца ў службу «Адно вакно», якая ёсьць пры адміністрацыі ў кожным населеным пункце, альбо ў Нацыянальны цэнтар электронных паслуг у Менску.

Гэтыя ўстановы бясплатна выдадуць грамадзяніну ўнікальны ідэнтыфікатар, трэба толькі прад’явіць пашпарт.

А што, калі я не магу атрымаць пароль асабіста? Пакуль заканадаўства не дазваляе аддаленую ідэнтыфікацыю. То бок для выдачы ідэнтыфікатара неабходная асабістая прысутнасьць грамадзяніна.

Таксама ў НЦЭП патлумачылі, што фізычная асоба можа атрымаць ключ электроннага лічбавага подпісу. Але там ня раяць ісьці такім шляхам толькі дзеля таго, каб спраўдзіць пра сябе інфармацыю ў базе «дармаедаў». Бо каб атрымаць электронны лічбавы подпіс на адзін год, трэба заплаціць 61 рубель 86 капеек. Звычайна электронным подпісам карыстаюцца юрыдычныя асобы.

Пра тое, што вы «дармаед», таксама паведамяць у жыроўцы

Грамадзяне, якія не праверылі, уключаныя яны ў базу ці не, даведаюцца пра гэта праз жыроўкі.

Калі яны прыйдуць, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, у лютым, калі налічваецца плата за камунальныя паслугі за студзень.

«Сьпісы мы фармуем да 1 лютага і будзем накіроўваць для налічэньня платы за камунальныя паслугі», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў камісіі па каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва ў Кастрычніцкім раёне Менску

За што «дармаеды» будуць плаціць болей? Не занятыя ў эканоміцы ўласьнікі жыльля (тычыцца толькі гэтай катэгорыі «дармаедаў») павінны з 1 студзеня 2019 году па поўным тарыфе аплачваць гарачае водазабесьпячэньне, а з 1 кастрычніка 2019 году — забесьпячэньне газам (пры наяўнасьці індывідуальных ацяпляльных прыбораў) і цяплом.

Што рабіць, калі вы ў базе «дармаедаў»?

Грамадзянін, які з гэтым нязгодны, павінен зьвярнуцца ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Асабіста або праз прадстаўніка. Можна прыйсьці ў камісію асабіста альбо накіраваць ёй ліст — звычайнай поштай ці на электронны адрас.

У Беларусі дзейнічаюць 143 такія камісіі. Менавіта яны могуць цалкам або часткова вызваліць грамадзяніна ад аплаты жыльлёва-камунальных паслуг па поўным кошце.

Да 1 ліпеня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павінна было таксама сфармаваць пералік тыповых цяжкіх жыцьцёвых сытуацый, па якіх «дармаеды» будуць вызваляцца ад поўнай аплаты ЖКП. Плянавалася, што пад цяжкую жыцьцёвую сытуацыю падпадзе догляд састарэлых сваякоў альбо хворых дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькі беларусаў афіцыйна зусім бедныя: 500 тысяч ці тры мільёны?

Што каму прад’явіць, каб даказаць, што ты не «дармаед»

1. Тыя, хто працуе за мяжой:

перакладзеныя на расейскую ці беларускую мову

  • дамову (кантракт) з замежным наймальнікам,
  • даведку аб пэрыядзе працы,
  • іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт занятасьці.

Дакумэнт трэба заверыць праз апастыль або ў натарыюса. Ён прызнаецца камісіяй ня больш як на адзін год.

2. Тыя, хто вучыцца за мяжой:

перакладзеныя на расейскую ці беларускую мову

  • даведку з установы адукацыі,
  • дамову на аказаньне адукацыйных паслуг,
  • іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт навучаньня.

Дакумэнт трэба заверыць праз апастыль або ў натарыюса. Ён прызнаецца камісіяй ня больш як на адзін навучальны год.

3. Беспрацоўныя:

  • працоўную кніжку альбо яе копію,
  • даведку ад наймальніка ці іншыя дакумэнты.

Занятымі будуць лічыцца цягам кварталу пасьля звальненьня.

4. Тыя, хто страціў працу з прычыны скарачэньня штату, заканчэньня кантракту, па здароўі:

  • працоўную кніжку альбо яе копію,
  • даведку ад наймальніка ці іншыя дакумэнты.

Занятымі будуць лічыцца цягам шасьці месяцаў з даты звальненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады патлумачылі, навошта рассылаюць новыя «лісты шчасьця» для дармаедаў

5. Вайскоўцы:

  • вайсковы білет, даведку зь месца праходжаньня службы з указаньнем пэрыяду, іншыя пацьвярджальныя дакумэнты. Занятымі будуць лічыцца цягам шасьці месяцаў пасьля звальненьня.

6. Сужонцы вайскоўцаў-кантрактнікаў, афіцэраў, маладых спэцыялістаў (у пэрыяд іх сумеснага пражываньня):

  • пасьведчаньні аб шлюбе,
  • дакумэнты, якія пацьвярджаюць праходжаньне вайсковай службы, статус маладога спэцыяліста,
  • даведку з установы адукацыі аб разьмеркаваньні.

Адсутнасьць магчымасьці працаўладкаваньня пацьвярджаецца штоквартальна.

7. Жанчыны ў пэрыяд цяжарнасьці і родаў:

  • адпаведныя дакумэнты з арганізацый аховы здароўя. На пэрыяд мэдыцынскага назіраньня ў пэрыяд цяжарнасьці і родаў.

8. Тыя, хто прайшоў альтэрнатыўную службу:

  • даведку аб пэрыядзе працы, службы. Паўгода ня лічыцца «дармаедам», пачынаючы зь месяца, калі скончана служба.

9. Тыя, хто атрымаў дзённую адукацыю (альбо дома):

  • дакумэнт (даведку), які пацьвярджае атрыманьне адукацыі. Прызнаецца занятым да заканчэньня каляндарнага году, у якім скончана адукацыя.

10. Навучэнцы духоўных устаноў:

  • дакумэнт, які пацьвярджае атрыманьне адукацыі. Прызнаецца занятым да заканчэньня каляндарнага году, у якім скончана адукацыя.

Ці «дармаеды» тыя, хто сплаціў падаходны падатак?

У ранейшым прэзыдэнцкім дэкрэце № 3 сярод грамадзянаў, якія вызваляліся ад «дармаедзкага» збору, фігуравалі тыя, хто сплаціў

  • падаходны падатак зь фізычных асобаў,
  • адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў,
  • падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня ў памеры ня менш як 20 базавых велічыняў,
  • збор за рамесьніцкую дзейнасьць
  • і збор за паслугі ў сфэры агратурызму.

Цяпер, паводле пастановы Савету міністраў, да занятых у эканоміцы адносяцца:

  • індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія сплачваюць адзіны падатак,
  • рамесьнікі, якія сплачваюць збор за рамесьніцкую дзейнасьць,
  • грамадзяне, якія здаюць у наём жылыя і нежылыя памяшканьні, машынамесцы (пры ўмове сплаты падаходнага падатку зь фізычных асобаў ад такога даходу).

Карэспандэнт Свабоды спрабаваў высьветліць, ці будуць прызнавацца «дармаедамі» тыя грамадзяне, якія штогод плацяць падаходны падатак у 13%.

У Міністэрстве па падатках і зборах карэспандэнту Свабоды сказалі, што фармаваньнем базы не занятых у эканоміцы займаецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Таму зьвяртацца з гэтым пытаньнем трэба да іх.

Прэс-сакратарка Мінпрацы Вольга Шцін не дала адказу на гэтае пытаньне ні пісьмова, ні вусна.

«Усе адказы на пытаньні, у тым ліку на гэтае, будуць падчас прэс-канфэрэнцыі, якая плянуецца 5 сьнежня», — заявіла яна.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краіна дармаедаў

https://www.svaboda.org


Віцебск: прыходзьце ў іншы дзень і ў іншае месца

Жыхар Першамайскага раёну Зьміцер М. ня змог атрымаць лагін і пароль да базы ў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.

Зьміцер называе сябе фрылансэрам, бо сталай працы ня мае. Ён падпрацоўвае ў некалькіх месцах на дамовах падраду.

«Дакумэнты ў мяне ёсьць, але цяжка падлічыць, ці хопіць маіх „працадзён“, каб не запісалі ў „дармаеды“, — сказаў Зьміцер Свабодзе. — Таму для мяне важна высьветліць, ці ёсьць я ў той базе. Калі ёсьць, то мушу думаць, што рабіць далей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як даведацца, што вы «дармаед», і як даказаць адваротнае

Даведаўшыся, што ў раённай адміністрацыі служба «Адно акно» мусіць даць лагін і пароль доступу да «базы дармаедаў», туды і зьвярнуўся. Але галоўны спэцыяліст Вольга Дробыш нічым дапамагчы не змагла.

«Спадарыня перапытала, хто пастанавіў з 1 сьнежня адкрыць доступ да базы, адкуль я пра гэта даведаўся, і патлумачыла, то ніякіх пароляў і лагінаў у яе няма. Пры мне патэлефанавала загадчыку справамі райвыканкаму, але й там ёй нічога не патлумачылі наконт базы», — расказаў Зьміцер.

Адзінае, што яму параілі ў «адным акне» — гэта прыйсьці ў працоўны дзень і зьвярнуцца ў камісію ў пытаньнях каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Прынесьці, калі ёсьць, дакумэнты пра тое, што ён не «дармаед». Але праверыць уласны статус пакуль немагчыма, і калі гэта можна будзе зрабіць — невядома.

Менск: лагін і пароль далі, але ў базу ўвайсьці не ўдалося

З 1 сьнежня мае запрацаваць база дадзеных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян («дармаедаў»). Яна разьмешчаная на Адзіным партале электронных паслуг portal.gov.by. Аднак карэспандэнтцы Свабоды ў суботу так і не ўдалося даведацца, ці працуе база, хоць яна здабыла і пароль, і лагін.

Напярэдадні, 30 лістапада ва Ўпраўленьні эканомікі адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Свабодзе паведамілі, што пробная база створаная, яна працуе, і пачынаючы з траўня людзі зьвяртаюцца ў раённую камісію па садзейнічаньні занятасьці

«Пробная база ўжо ёсьць, і мы працуем зь людзьмі ў межах Дэкрэту № 3 з траўня. А зь лістапада актыўна ідуць, зьвяртаюцца ў камісію.

Калі вы мне скажаце прозьвішча, імя і імя па бацьку, я магу паведаміць, ці ёсьць вы ў гэтай базе — вас гэта ні да чаго не абавязвае. А можаце самі праверыць. У службе „Адно акно“ вам дадуць лагін і пароль, сама служба ніякай базы ня мае і ня будзе мець доступу», — сказала па тэлефоне вядучая спэцыялістка ўпраўленьня эканомікі. І запэўніла, што тэарэтычна база мае запрацаваць у суботу, 1 сьнежня.

У суботу ў службу «Адно акно» адміністрацыі Савецкага раёну Менску, якая па суботах працуе з 9 да 13-й гадзіны, па пароль і лагін не зьвярнуўся ніводзін чалавек, расказала вядучая спэцыялістка Юлія Прыма.

У Адміністрацыю Першамайскага раёну таксама ніхто не прыйшоў па пароль і лагін. І за паўгадзіны да закрыцьця карэспандэнтка вырашыла паспрабаваць на сабе, як працуе сыстэма. Вядучая спэцыялістка службы «Адно акно» Алеся Паўлушка расказала, што гэта першы зварот. Шукала пароль і лагін яна даволі доўга — гэтая працэдура заняла ў яе роўна 24 хвіліны (пашанцавала, што ў суботу наведнікаў было мала, чаргі да спэцыялістаў не было).

Урэшце пад расьпіску выдала аркуш — «Паведамленьне аб наданьні лагіна і фармаваньні пярвічнага паролю».

Аднак у саму базу ўвайсьці не ўдалося. Увёўшы код паслугі 3.01.01 толькі што атрыманы пароль і лагін, удалося дайсьці да стадыі «Асабісты кабінэт карыстальніка». А вось запоўніць дадзеныя пра сябе не атрымалася. Выскокваў значок — чырвоны кружок з дыямэтрам.

Вядучая спэцыялістка параіла пачакаць пару дзён, калі электронную базу давядуць да ладу, або ў працоўны дзень прыйсьці ва ўпраўленьне эканомікі раённай адміністрацыі і высьветліць усё ў спэцыяліста.

https://www.svaboda.org/

Последние новости