haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

18.02.2019 19:31

899 просмотров

0 комментариев

«Ніхто нікому не патрэбны». У Гарадку рабочым не плацяць заробак з лістапада

Рабочыя ПМК-51 у Гарадку Віцебскай вобласці не атрымліваюць заробак з лістапада мінулага года. Людзі выходзяць на працу, але грошай не бачаць. Адно з буйных будаўнічых прадпрыемстваў рэгіёна сёння на мяжы закрыцця.

Еўрарадыё высвятляе, як людзі жывуць некалькі месяцаў без грошай і калі ім нарэшце выплацяць заробак.

«Хто маладзейшы, дык з’ехалі. Астатнім у Гарадку няма куды ісці»

Галоўнай прычынай заняпаду ПМК-51 мясцовыя жыхары называюць частую змену кіраўніцтва прадпрыемства.

«Прадпрыемства развальваюць да апошняга, бардак адным словам, — распавядае Еўрарадыё рабочы ПМК-51. — За лістапад яшчэ не было заробку. Хаця там і зарплата 280-300 рублёў. Сем дырэктараў за апошні час змянілася. Хто расцягваў прадпрыемства, хто распрадаваў, а цяпер нікому справы няма. Адзін з апошніх кіраўнікоў з Віцебска на працу прыязджаў. „Парадак“ тут навёў — і ў аблвыканкам на павышэнне».

На прадпрыемстве працавала 300 чалавек. Цяпер засталося каля 70. За апошні год большасць рабочых звольнілася і з’ехала на заробкі за мяжу. Тых, хто застаўся працаваць, перавялі на няпоўны рабочы тыдзень. Каб выжыць у райцэнтры без заробкаў, людзі бяруць пазыкі.

«Так і жывём, — дадае жыхар Гарадка. — Пазычаем на жыццё. Хто маладзейшы, дык з’ехалі. У Гарадку няма куды ісці. Ніхто нікому не патрэбны. Цяпер выконваючы абавязкі кіраўніка застаўся, але ён нічога не ведае. Прарабаў, майстроў няма. Нават інструменту, каб працаваць, няма. Нядаўна хлопцы прыехалі на аб’ект, а з інструментаў кавадла і лом. Усё было, а цяпер — нічога»...


«Сітуацыя складаная»

Намесніца дырэктара ПМК-51 Таццяна Турчанка распавядае Еўрарадыё, што пытанне па запазычанасці будзе вырашанае на працягу двух тыдняў:

— Чаму вы не хочаце патэлефанаваць у Гарадоцкі райвыканкам? Старшыні райвыканкама ці яго намесніку па будаўніцтве?

— Адзін не хоча размаўляць, другі не адказвае на званкі.

— Сітуацыя складаная, нявыплата па зарплаце існуе. Раённыя ўлады нешта спрабуюць зрабіць, да чаго гэта прывядзе, складана сказаць. Паспяховым прадпрыемства было гадоў дзесяць таму. Тады былі аб’ёмы. Цяпер іх няма. Дзесяць гадоў таму працавалі каля 300 чалавек, сёння засталося 65. Казаць, што раённыя ўлады бяздзейнічаюць, нельга. Думаю, што праз адзін-два тыдні па зарплаце павінны разлічыцца цалкам.

Як распавядала Еўрарадыё, у аналагічным становішчы апынуліся і будаўнікі смаргонскай фірмы. За лістапад людзі атрымалі заробак толькі ў студзені. Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч патлумачыў, што рабіць людзям, калі працадаўца затрымлівае грошы.

Чытаць поўнасцю тут: https://euroradio.fm

Последние новости