haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

26.02.2019 07:08

670 просмотров

0 комментариев

30 дзён і 30 начэй на працы — заробак каля $ 100. Калгаснікі змагаюцца супраць мізэрных заробкаў і з імі распраўляюцца

Такія парушэнні, як заробак, ніжэйшы за мінімалку, ды эксплуатацыя рабочых, — з’ява ў Беларусі не новая. З тае прычыны, што іншай працы ў вёсках няма, працаўнікі калгасаў выконваюць не толькі ўласныя абавязкі, але і працу тых, каго калгас вырашыў не наймаць.

«100 рублёў, 120, 180 сама больш», — распавядае пра свае заробкі Уладзімір Яўхута.

Спадар Уладзімір працаваў жывёлагадоўцам на ферме ў вёсцы Вострава Слонімскага раёну. Даглядаў кароваў: карміў і паіў жывёліну, выкідаў гной. Апроч сваіх абавязкаў, рабіў таксама і працу вартаўніка. Часам працаваць даводзілася без выходных.

«30 дзён, 30 начэй на працы. Па 300 гадзінаў. Больш за мінімалку не атрымліваў», — кажа мужчына.

У снежні ферму ў Востраве закрылі, а ўсіх працаўнікоў перавялі на іншую. Яна таксама ўваходзіць у склад сельскагаспадарчага прадпрыемства «Міжэвічы». Не знайшлося там месца толькі спадару Уладзіміру — яго скарацілі.

«Разумееце, у калгасе не патрэбныя акуратныя людзі, якія цвярозыя будуць працаваць і выконваць свае абавязкі. Ім патрэбныя аматары выпіць, якім можна няправільна налічыць заробак», — дадае Данута Яўхута, жонка спадара Уладзіміра.

Скардзішся? Звольнены!

У няласку да калгаснага кіраўніцтва спадар Уладзімір трапіў яшчэ ў 2017 годзе. Калі пачаў скардзіцца на малы заробак. Тады яго і звольнілі.

Афіцыйная версія звальнення — нядобрасумленна выконваў свае абавязкі. То нібыта гной нясвоечасова прыбярэ, то корму каровам не падкіне. У якасці сведчанняў — подпісы даярак, якія пацвердзілі нядобрасумленнасць жывёлагадоўцы. Пасля звальнення спадар Уладзімір падаў скаргу ў суд, і яго вярнулі на працу. Бо ўсе доказы аказаліся фікцыяй.

«Сам Слонімскі суддзя выявіў, што падробленыя подпісы. На судзе самі даяркі сказалі, што гэта не іхныя подпісы», — распавядае Уладзімір Яўхута.

Цяпер, ужо пасля скарачэння, спадар Уладзімір працягвае судзіцца з кіраўніцтвам калгасу. Спрабуе спагнаць з гаспадаркі недаплачаны заробак і атрымаць фінансавую кампенсацыю за адпачынак. Ён — адзіны з працаўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Міжэвічы», хто вырашыў адстойваць свае правы. Але не задаволеных заробкам у гаспадарцы шмат.

«Самае большае 200 рублёў, вось і ўвесь наш заробак. Што можна за такія грошы купіць? Камуналкі заплаціць, дзяцей у школу адправіць», — кажа Жанна Каспяровіч, даярка КСУП «Міжэвічы».

Як змагацца з нядобрасумленным працадаўцам?

Спадарыня Жанна працуе даяркаю 20 гадоў. Доіць кароваў з 6-ай раніцы да 12-ай дня. Потым ідзе дадому. А з паловы на 18-ую да 21-ай яна зноўку мусіць быць на ферме. Выходных у спадарыні Жанны няма. Як і іншай працы ў вёсцы.

«Устаноўлены мінімальны заробак, які на гэты момант больш за 300 рублёў складае. Натуральна, чалавек, які прапрацаваў поўны працоўны час і нават больш за тое, не павінен атрымліваць менш», — каментуе Ігар Комлік, прадстаўнік прафсаюзу РЭП.

Адзінае выйсце, калі вы не хочаце працаваць за дваіх, а заробак атрымліваць за аднаго, — звяртацца ў вышэйшыя структуры.

«Я пайшоў у кантору да нас і напісаў заяву, што не задаволены сваім заробкам 500 рублёў на месяц», — распавядае Дзяніс Шчуцкі, былы працаўнік калгасу.

Спадар Дзяніс жыве ў Смалявічах. Яшчэ некалькі месяцаў таму ён працаваў жывёлагадоўцам у СПК «Першамайскі», філіяле БелАЗу. Некалі нават атрымліваў мару беларуса — 500 долараў. Але потым калгаснікаў сталі скарачаць. А ў тых, хто застаўся, заробак рэзка ўпаў. Мужчына пачаў пісаць скаргі і даведаўся, што яму не даплачвалі грошай за начныя змены.

«Звольнены датэрмінова па патрабаванні работніка ў сувязі з парушэннем наймальніка аб працы», — чытае запіс у сваёй працоўнай кніжцы Дзяніс Шчуцкі.

Спадар Дзяніс, у якога стала не хапаць грошай, каб карміць вялікую сям’ю, звярнуўся ў Дзяржкантроль і Дэпартамент працы. Высветлілася, што паводле заканадаўства ён меў даглядаць 120 галоваў жывёлы. А на справе мужчына працаваў адзін на дзве фермы і адказваў за 500 кароваў.

«Адзін раз задушылася цёлка, выклікалі старшыню, маўляў, што з табою рабіць. Кажу: рабіце ўсё паводле закону. Мне нічога не зрабілі», — распавядае былы працаўнік калгасу.

Ад адной фермы да суседняй — 800 метраў. Пакуль спадар Дзяніс бегаў да аднаго статку, другі заставаўся без нагляду. А ўсё таму, што вырашылі ашчадзіць на працаўніках. У такім рэжыме жывёлавод працаваў апошнія два гады. Цяпер мужчына мае намер сустрэцца з былым кіраўніцтвам у судзе.

«За два гады хачу, каб мне заробак пералічылі ды высветлілі, чаму я так працаваў. Вось чаго менавіта я хачу», — кажа Дзяніс Шчуцкі.

Паводле звестак Белстату, на апошні месяц мінулага года сярэдні заробак калгаснікаў складаў каля 700 рублёў. Але насамрэч, калі зірнуць у кішэні жывёлагадоўцаў і даярак, то відаць, што зарабляюць людзі 200 рублёў. Ды і адкуль брацца грошам на заробкі працаўнікам, калі сельская гаспадарка ў Беларусі — стратная галіна, якая жыве на датацыях? І гэта пры тым, што кожны год у развіццё калгасаў дзяржава інвестуе мільярды долараў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • З-за малых заробкаў дактароў беларусаў няма каму лячыць
  • Чаму ў вёсцы складана знайсці работнікаў?
  • Беларусы ўцякаюць у Расею ды Украіну

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

https://belsat.eu

Последние новости