haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

01.03.2019 14:22

663 просмотра

0 комментариев

«Класная рыдала, гаварыла, сама заплаціць». Як бацькоў змушаюць скінуцца на турнікеты

У Мазыры абмяркоўваюць усталяванне турнікетаў у школах. Пра гэта паведаміў чытач тэлеграм-каналу «Пятая калонка».

Паводле мазыраніна, «спачатку сход быў агульны ў актавай зале, усім распавядалі пра турнікеты, і ўсе бацькі былі супраць, маўляў, як ён дапаможа, калі менавіта вучань захоча нешта зрабіць».

Акрамя гэтага, з кожнага вучня кожнага класу хочуць спагнаць па 10 рублёў, а ў наступныя месяцы — па 2 рублі.

«Я, вядома, у цэнах турнікетаў не разбіраюся, але мне здаецца, што гэта зашмат з кожнага класу па 250-300 рублёў, улічваючы, што адных толькі першых класаў там 5 або 6. У канцы агульнага сходу ўсе былі супраць. Тады ім сказалі ісці ў кабінеты. Менавіта ў класе класная майго пляменніка рыдала і ўгаворвала падпісаць дамовы, сказаўшы, што сама ўсё аплаціць са свайго заробку».

Belsat.eu пастанавіў праверыць, ці ёсць школы, дзе бацькі пагадзіліся заплаціць за ўсталяванне і ўтрыманне прылады.

«Праца вядзецца. А навошта вам ведаць?» — сказалі belsat.eu у сярэдняй школе № 2 Мазыра.

«У нас апытанні праходзяць, але пра вынікі нічога не магу сказаць», — адказалі ў СШ № 1.

Дырэктар адной з гарадскіх школаў на ўмовах ананімнасці таксама выказаў сваё асабістае стаўленне.

«Калі б вы пабачылі наш хол, вы б зразумелі, што турнікет там — забойства. Прыдумалі пасля Стоўбцаў. Калі што, хто запэўніць бяспеку 1200 дзецям? Я даслаў здымкі ў Менск, ужо два тыдні маўчаць, нічога не адказваюць. Ніхто з бацькоў гэтых турнікетаў не пацягне. А пагатоў камеры, на якія патрэбныя праекты, ліцэнзія дэпартаменту аховы, усталяванне. Няма такіх грошай. А ўсё астатняе — плясканне языком».

Мы спрабавалі атрымаць каментар намесніка начальніка аддзелу адукацыі Мазырскага райвыканкаму Уладзіміра Ткача, аднак ён не зняў слухаўкі.

Трагедыя ў Стоўбцах адбылася раніцай 11 лютага ў СШ № 2. Вучань 10-га класа напаў з нажом на настаўніцу і школьнікаў. Два чалавекі загінулі — педагог і старшакласнік.

ДР belsat.eu

Последние новости