haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

28.06.2019 08:26

395 просмотров

0 комментариев

Сумныя лічбы: параўналі бюджэты і колькасць турыстаў на Еўрапейскіх гульнях у Мінску і Баку

540 мільёнаў рублёў — столькі Беларусь ужо патраціла на правядзенне Еўрапейскіх гульняў. 266 мільёнаў з гэтай сумы — бюджэтныя грошы. Параўналі, у колькі абышліся першыя гульні Азербайджану і ці шмат турыстаў прыехалі паглядзець на спаборніцтвы (спойлер: няшмат, але да нас прыляцела яшчэ менш).



Бюджэт: танна не атрымалася

Афіцыйны бюджэт Еўрапейскіх гульняў у Баку склаў $1,12 мільярда. На арганізацыі не эканомілі — адно толькі выступленне Лэдзі Гагі на цэрымоніі адкрыцця каштавала $2 мільёны. А само шоу — $95 мільёнаў.

У Мінску ж на цырымоніі адкрыцця і закрыцця збіраюцца аддаць $12 мільёнаў. Але і хэдлайнеры — Ганна Нятрэбка і Мікалай Баскаў — не таго ўзроўню.

Па падліках ВВС, Азербайджан патраціў на гульні куды больш за афіцыйную лічбу — каля $5 мільярдаў. Бо сродкі на падрыхтоўку выдаткоўваліся з бюджэту не толькі ў год правядзення спаборніцтваў, але ў 2013-м і 2014-м. За іх кошт, у прыватнасці, пабудавалі Палац водных відаў спорту, гімнастычны комплекс, футбольны стадыён на 65 тысяч гледачоў, парк Еўрапейскіх гульняў у Баку, алімпійскія спартыўныя комплексы ў 11 рэгіёнах краіны і «дамы моладзі» ў 9 рэгіёнах.


У Беларусі неабходная спартыўная інфраструктура збольшага была. З таго, што дадаткова зрабілі, — правялі рэканструкцыю некаторых арэнаў, пабудавалі сталовую для спартоўцаў у Студэнцкай вёсцы, а ў самой вёсцы адрамантавалі пакоі, каб замест навучэнцаў засяліць туды атлетаў. Праўда, шмат грошай пацягнула «інфармацыйна-тэхналагічная платформа». На запуск афіцыйнага сайта гульняў, пракладку оптавалакна і іншыя ІТ-складнікі пайшло $37 мільёнаў.

Адзначым, што ў 2016 годзе Лукашэнка заяўляў, што агулам на падрыхтоўку да гульняў не патрацяць больш за $50 мільёнаў. «Гэта слёзы для краіны», — пракаментаваў ён тады гэту суму.

Турыстаў — у 4 разы менш, чым чакалася

За час Еўрапейскіх гульняў Баку наведала 28 тысяч турыстаў. У Беларусі, узяўшы за арыенцір гэту лічбу, чакалі не менш за 30 тысяч замежных гасцей.

«Гэта лічба з вельмі вялікай агаворкай, паколькі Баку быў далёка, палёты туды былі дастаткова дарагімі. У нашым выпадку чакаецца нашмат больш турыстаў», — запэўніваў намеснік дырэктара Дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў Анатоль Котаў.

Пакуль прыехала толькі 8 тысяч. Цырымонія закрыцця гульняў ужо ў гэту нядзелю, таму малаверагодна, што колькасць турыстаў наблізіцца да жаданай.

Для параўнання, калі ў Мінску ў 2014 годзе праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, краіну наведала каля 80 тысяч турыстаў.

Спартоўцаў таксама стала менш

Новы фармат, відаць, пакуль не надта цікавы і самім спартоўцам. Калі гульні ў Баку сабралі 5,7 тысячы атлетаў, то ў Мінск вырашыла прыехаць значна менш — 4 тысячы. На першых гульнях спартоўцы спаборнічалі ў 30 відах спорту, на сёлетніх — у 15.

Цікава, што ў 2015 годзе зборная Азербайджана была другой у медальным заліку. Беларусь пакуль таксама трымаецца на другім радку рэйтынгу. Першынство і тады, і цяпер — за Расіяй.

НЛ

Последние новости