haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

29.06.2019 15:59

929 просмотров

0 комментариев

10 спосабаў змяншэння «жыроўкі»

Чым бліжэй тыя часы, калі беларусы будуць стопрацэнтна аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі, тым больш актуальнай робіцца эканомія на вадзе, цяпле ды электрычнасці. Прапануем падборку лайфхакаў, як ашчаджаць на спажыванні ЖКГ-паслугаў. Немцы могуць — і мы зможам! Нават мусім, зважаючы на ўзровень заробкаў.

    Адны парады запатрабуюць выхоўваць у сабе цягам нейкага часу звычкі пастаянна пільнаваць выдаткі вады ці электраэнергіі, другія — гэта разавыя тэхнічна-гаспадарчыя справы дзеля ашчаднага спажывання рэсурсаў, трэція — бухгалтарска-менеджарскія захады. Ну, і ўсе нашы падказкі законныя: ніякіх магнітаў на лічыльнікі!

    Для пачатку вывучыце і зафіксуйце выдаткі паводле вашых апошніх «жыровак», каб параўноўваць з лічбамі ў наступных — «прасунута-ашчадных». Так вы прастымулюеце самі сябе рублём!

    1. «Кранальны» метад

    Перад выправай на выхадныя дні (напрыклад, на лецішча) занатуйце паказчыкі лічыльнікаў вады. Па вяртанні — спраўдзіце, як яны змяніліся. Калі павялічыліся — праверце сантэхніку. Пры патрэбе парамантуйце краны. Нібыта відавочна, але тым не менш: струменьчыкі і нават кроплі з іх — гэта сотні літраў вады цягам месяца.

    Дарэчы, на кухні і ў ванным пакоі варта ўсталяваць рычаговыя краны замест двухвентыльных, калі ў вас такія. Гэта эканомія часу і вады падчас падбірання пажаданай тэмпературы. Пастаўце на краны адмысловыя распыляльнікі (аэратары), дзякуючы якім вы будзеце спажываць ваду ў некалькі разоў меней. Па гэтай логіцы і душавую насадку лепей прыдбаць з драбнейшымі адтулінамі.

    Наогул, душавая кабінка — гэта значна больш эканомны варыянт, чым ванна. Падлічана, што на адно прыманне ванны выліваецца ад 150 літраў вады і болей, а на адно мыццё пад душам — каля 50.

    2. Супраць плыні

    Калі мыеце посуд, паспрабуйце заткнуць мыйку. Так вы наблізіцеся па эканомнасці расходавання вады да пасудамыечнай машыны, калі яе не маеце. Выключайце кран падчас чысткі зубоў ці галення. Можа, вам і падабаецца, як цурчыць такі міні-вадаспад, але за хвіліну выліваецца 5–10 літраў. Канешне, выхаванне ў сабе такой звычкі — справа няпростая. Але ж на лецішчы ці на вёсцы, дзе выгоды не ў доме і няма водаправоду на ўчастку, атрымлівалася ж у многіх чысціць зубы пры рукамыйніку!?

    3. Пашкадуйце ўнітаз

    Натуральна, паладзьце ўнітаз, калі ён «цячэ»: апрача нядбайства, гэта ж яшчэ і паганыя гукі. Дый наогул: адно змыванне ўнітаза — гэта спусканне амаль 10 літраў вады. Спосабы эканоміі наступныя: пазбаўцеся звычкі рабіць з унітаза другую сметніцу, каб не змываць там адкіды, умантуйце кнопку эканамічнага змывання або скарыстайцеся з «народнага вынаходніцтва» — пакладзіце ў змывальны бачок пластыкавую пляшку ці некалькі пляшак з вадой, каб зменшыць аб’ём набранай і зліванай вады.

    4. Пафарбуйце батарэі

    Гэта адзін са спосабаў эканоміі на ацяпленні. Абазнаныя ў фізіцы даводзяць, што перафарбаваныя ў цёмны колер батарэі будуць выпраменьваць крыху болей цяпла. Чаму не, калі гэта і інтэр’ерна будзе пасаваць? Яшчэ раяць усталяваць за батарэямі цеплаадбівальны экран (пафарбаваны ў срэбны колер ці абгорнуты фольгаю), каб сцяна не забірала цяпло ад батарэі ў пакоя. Гэта дадасць некалькі градусаў у памяшканні. Дый кіньце, хто мае такую завядзёнку, сушыць на батарэі рэчы — гэта пагаршае абаграванне кватэры.

    Не выключана, што вернуцца ў моду і дываны на сценах. Яны дапамагаюць захоўваць цяпло, калі сцяна выходзіць на вуліцу ці лесвічную пляцоўку. Натуральна, трэба ўцяпліць жытло ўсімі мажлівымі спосабамі: усталюйце якасныя вокны, уваходныя і балконныя дзверы, не пакідайце шчылінаў.

    5. Кантралюйце дэвайсы

    З элементарных парадаў, якія варта паўтарыць для эфекту засечак у памяці: укруціце энергазберагальныя лямпачкі (гэта 50% эканоміі электрычнасці) і выключайце святло, калі выходзіце з пакоя. Калі такая дысцыпліна не пра вас, то можа дапамагчы адна з тэхналогіяў «разумнага дома» — усталюйце датчыкі руху, каб непатрэбнае святло гасла само. Не пакідайце электрапрыстасаванні падключанымі да разетак. Бачылі ў сваіх прыборах лямпачкі? Калі яны гараць у дэвайсах, электраэнергія спажываецца імі без вашага дазволу.

    6. «Камуналка 2.0»

    Інтэрнэт- і тэлепакеты, мабільная сувязь — карыснае з прыемным. Гэта не ЖКГ-паслугі, але ў сямейным бюджэце блізкія да іх. Шмат хто гэтыя выдаткі залічвае ў свае агульныя камунальна-арганізацыйныя выдаткі. Таму варта прааналізаваць: ці аптымальныя пакеты ды тарыфы ў вас абраныя? Не забывайцеся, што тыя самыя інтэрнэт-правайдары даюць магчымасць прыпыніць дзеянне інтэрнэт-тарыфу на час адпачынку ці камандзіроўкі. Гэта лёгка робіцца ці праз тэлефанаванне, ці праз асабісты кабінет на сайце правайдара.

    7. Антытарыф «Мяне няма»

    Гаворка пра магчымасць замовіць у камунальнікаў пераразлік у «жыроўках» — не плаціць за паслугі ЖКГ за той перыяд, калі вы і вашы сямейнікі ў кватэры ці доме не жылі. А значыць, гэтымі паслугамі не карысталіся. Напрыклад, калі вы з’язджалі на адпачынак ці на лецішча. Галоўная тут умова — запатрабаваць пераразлік можна толькі тады, калі вас не было болей за 10 дзён запар.

    Магчымасць пераразліку распаўсюджваецца на вываз камунальных адкідаў, каналізацыю, ліфт, халоднае і гарачае водазабеспячэнне, а таксама газазабеспячэнне, калі адсутнічаюць прыборы ўліку. Да адмысловай заявы ў разлікова-даведкавы цэнтр або ў таварыства ўласнікаў трэба прыкласці доказныя дакументы, што вы працяглы час не жылі дома. Напрыклад, даведку з санаторыя ці дачнай адміністрацыі, пашпарт з адзнакамі выезду з Беларусі і ўезду назад і гэтак далей.

    8. Скарга «А за што плаціць?»

    Можна запатрабаваць пераразліку ў памеры 10% ад кошту вады, калі яна не адпавядала санітарным нормам: напрыклад, утрымлівала зашмат жалеза. Да 30% такая кампенсацыя павінна вырасці паэтапна да 2025 года. А калі на працягу месяца ваду будуць адключаць больш за два разы на час, які перавысіць тэхнічныя нарматывы (а ліквідаваць аварыю павінны за 8–24 гадзіны), то можна запатрабаваць паменшыць на 10% плату, налічаную за ўвесь такі праблемны месяц.

    Можна дамагчыся змяншэння платы за ацяпленне, калі ў кватэры па факце холадна ці занадта горача: тэмпература паветра больш за суткі трымаецца ніжэй +18 градусаў і вышэй +24. Калі камунальнікамі будзе парушацца ўсталяваны графік правядзення адмысловых працаў па тэхабслугоўванні, то памер платы за гэта знізіцца на 10–25% у залежнасці ад відаў працаў.

    9. Кухарце эканомна

    Аказваецца, і гатаваць ежу дома можна, дбаючы пра «жыроўку». Калі ў вас электрапліта, то памеры посуду павінны адпавядаць канфоркам, каб электрычнасць не палілася дарма. А каб вада хутчэй закіпала, не забывайцеся пра накрыўку над каструляй. Калі ў вас газавая пліта, то рэгулюйце полымя так, каб яно не ахінала каструлю па баках, бо самая высокая тэмпература на кончыках языкоў агню.

    Калі нават гэта будзе і не па фэн-шуй, не стаўце лядоўню каля батарэі і пад прамымі сонечнымі промнямі, бо яны павялічваюць расход электраэнергіі. А для эфектыўнага ахалоджвання радыятара не варта ставіць лядоўню блізка да сцяны. Адлегласць павінна быць хаця б 10 сантыметраў. І не змяшчайце ў лядоўню нічога гарачага — напрыклад, толькі што зваранага супу. Гэта скароціць расход электрычнасці і не дасць утварыцца наледзі ў халадзільнай камеры. Тое самае тычыцца накіпу ў электрачайніку — гэта павялічвае працягласць награвання. Таму чайнік трэба рэгулярна чысціць, а лядоўні — размарожваць. І пра чыстку пыласосу з той самай прычыны не забудзьцеся.

    10. Эканомныя літары

    Самыя энергаэфектыўныя мадэлі бытавой тэхнікі абазначаныя на зялёным тле літарамі А++, А+, А, В. Яны даражэйшыя за тыя, што маюць C, D, а тым болей E, F, G на ўпакоўцы, але і праслужаць даўжэй, і энергарэсурсы зэканомяць.

    Зрэшты, галоўная эканомія робіцца наладамі, зробленымі ўласнымі рукамі. У пральнай машыне мыць вопратку можна спакойна ў халоднай вадзе. Большасць забруджванняў лёгка і так адмыецца, а значная частка энергіі выдаткоўваецца менавіта на падаграванне вады. Для п

    араўнання, награванне вады да 60 градусаў запатрабуе ў чатыры разы болей энергіі, чым давядзенне яе да 30 градусаў.

    Якімі спосабамі дзеля скарачэння выдаткаў на паслугі ЖКГ вы гатовыя скарыстацца?

    Міраслаў Гажэцкі

    https://novychas.by/ekanomika/10-sposabau-zmjanszennja-zyrouki

Последние новости