haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

07.07.2019 09:41

422 просмотра

0 комментариев

Два светы — два парады: разбіты асфальт у Мінску vs танкі на гуме ў Вашынгтоне

3 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначаецца ў Беларусі, а на наступны дзень — у ЗША. У нас у гэты дзень традыцыйна праходзіць парад войскаў і вайсковай тэхнікі. Цэнтр горада некалькі дзён запар перакрываецца для рэпетыцый і, уласна, парада. Бранятэхніка разбівае асфальт (а часам і зносіць слупы на ўзбочыне).

І гэта ўжо не кажучы пра тое, што людзей нервуе шум, а выкарыстанне тэхнікі ў гарадскіх умовах нясе рызыку для здароўя. Напрыклад, сёлета танк Т-72 занесла на вуліцы Сурганава ў Мінску. Баявая машына цудам не пратараніла прахадную Дома друку і не зачапіла гледачоў, якія стаялі на тратуары.

А як там у іх, за акіянам?

Звычайна Дзень Незалежнасці ў ЗША святкуюць без тэхнікі. Перад гледачамі маршыруюць салдаты, а пасля адбываецца вайскова-гістарычны карнавал. Але сёлета ўпершыню за апошнія 28 гадоў па цэнтры Вашынгтона прайшлі танкі — два (!) M1 Abrams.

Але гарадская адміністрацыя забараніла праход цяжкай тэхнікі па асфальтаваных вуліцах. Уяўляеце сабе, каб з падобнай пазіцыяй — паберагчы асфальт! — выступіў Мінгарвыканкам? У выніку, каб танкі не пашкодзілі дарожнае пакрыццё, пад іх гусеніцы падклалі адмысловую гуму. Баявыя машыны, якія рухаюцца па гумавых падкладках на малой хуткасці, асфальту не шкодзяць.

Каб не выкладаць гумай усе вуліцы горада на шляху танкаў ад базы да цэнтра Вашынгтона, тэхніку прывезлі да месца правядзення парада на грузавых платформах. Аказваецца, так можна было!

Праехаўшы кароткую адлегласць, танкі спыніліся. Да іх можна было падысці і сфатаграфавацца.

Што ўвогуле сёлета было на парадзе з нагоды Дня Незалежнасці ЗША?

Сёлетні парад Дональд Трамп назваў Salute to America («Прывітанне, Амерыка!»). Акрамя танкаў, у шоу ўдзельнічалі самалёты і вайсковы аркестр. У неба ўзняліся бамбардзіроўшчыкі B2-Spirit, знішчальнікі F-22, верталёты АН-64. Гэта ўсё вельмі нагадвала мінскі парад:

Амаль увесь час у Вашынгтоне ішоў дождж. Тым не менш, каб паслухаць Трампа, побач з Мемарыялам Лінкальна сабраліся сотні тысяч гледачоў.

Парад у Вашынгтоне / Reuters

Парад у Вашынгтоне / Reuters

Людзі і БМП «Брэдлі» на парадзе ў Вашынгтоне / Reuters

Дональд і Мяланья на парадзе ў Вашынгтоне / Reuters

Дональд Трамп прамаўляе на парадзе ў Вашынгтоне / Reuters


Авіяшоу на парадзе ў Вашынгтоне / Reuters

А колькі каштавала шоу?

У Беларусі парад аплачваецца з бюджэту. Выдаткі Міністэрства абароны трымае ў таямніцы. Маўляў, патрыятычнае выхаванне каштуе тых грошай, якія на яго выдаткоўваюцца.

Сёлета выпадкова стала вядома, што гадавы кантракт на пастаўку феерверкаў у Беларусь каштуе Міністэрству абароны 20 мільёнаў расійскіх рублёў, або 316 тысяч долараў. Пра гэта распавёў прадстаўнік расійскай кампаніі «Пиро-Росс», якая ўжо 10 гадоў пастаўляе салюты для беларускіх дзяржаўных святаў. «Кожны год гэта прыкладна адна і тая ж сума. У расійскіх рублях — каля 20 мільёнаў», — заявіў прадстаўнік кампаніі.

Што да выдаткаў на шоу з нагоды Дня Незалежнасці ЗША, дык, па падліках экспертаў, яны склалі $1 млн. Дональд Трамп быў вымушаны апраўдвацца: «Кошт заўтрашняга вялікага салюту для Амерыкі будзе вельмі малы ў параўнанні з тым, што ён значыць для нас. У нас ёсць самалёты, у нас ёсць пілоты, аэрапорт побач (вайсковая база „Эндрус“). Усё, што нам трэба, — гэта паліва. Мы маем танкі і ўсё астатняе. Феерверк аплачваюць двое мецэнатаў. Добранька!»

То-бок салют з нагоды Дня Незалежнасці не каштаваў амерыканскім падаткаплацельшчыкам нічога!

Фота прэўю: Танк на гумовым посціле на парадзе ў Вашынгтоне / www.news.com.au

https://euroradio.fm/parady-minsk-vs-vashyngton

Последние новости