haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

18.01.2020 18:05

234 просмотра

0 комментариев

На мяжы галечы: беларусы распавядаюць, як жывуць за Br 200 у месяц

Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 0,5 млн беларусаў не ўпісваюцца ў бюджэт пражыткавага мінімуму (каля Br 230). Як ім удаецца выжываць? Пра гэта — чарговае выданне ток-шоу «Кожны з нас».

Юры, адпрацаваў 41 год, атрымлівае Br 214

Жыхар Віцебску Юрый Качаргін адпрацаваў на чыгунцы 41 год. Пасля захварэў на рак. Пенсію атрымлівае па інваліднасці. Яна складае Br 214. Як выжыць за такія грошы?

«Святло, квартплата, тэлевізар, праязны, лекі і газ. На гэта ідзе 114 рублёў, — пералічвае спадар Юры ў студыі ток-шоу „Кожны з нас“. — На прадукты застаецца 100».

За іх ён можа сабе дазволіць есці «Ролтан», макароны, курыныя сардэчкі.

«І буханку хлеба з малаком. Усё!» — разводзіць ён рукамі.

Пенсіі па ўзросце Юрыю чакаць яшчэ тры гады: сёння яму 60. І ён гатовы працаваць. Але не бяруць: стары.

«Напісаў у Савет Міністраў: калі нельга мяне ўладкаваць на працу, дайце датэрмінова маю пенсію. У мяне стажу хапае. Куды мне яшчэ! Але на жаль, нічога не дамагчыся».

Паводле беларускага заканадаўства, у такой сітуацыі чалавеку могуць выплачваць пенсію датэрмінова. Але пры наяўнасці сродкаў на такія мэты ў рэспубліканскім бюджэце. З 2015 года гэтых сродкаў не вылучаюць.

Максім, сірата, інвалід, атрымлівае Br 110

Максім Буяк прыехаў у студыю ток-шоу «Кожны з нас» з сястрой Аленай. Яны — сіроты, і да 18 год раслі ў інтэрнаце. Сёння Максіму 26, ён мае 3-ю групу інваліднасці ды атрымлівае з гэтай нагоды пенсію: Br 110. Год таму Стаўбцоўскі райвыканкам даў яму жытло: закінуты вясковы дом у жахлівым стане (кадры мы паказваем у праграме).

Паводле заканадаўства, і Максіму, і ягонай сястры дзяржава павінна была даць па аднапакаёвай кватэры. Алена атрымала крыху лепшы варыянт: два сацыяльных пакоі, але з прыбіральняй, кухняй і калідорам агульнага карыстання. Яна спрабавала змагацца за правы брата. У райвыканкаме кажуць, што кватэраў няма, хоць дагэтуль будавалі сацыяльныя дамы.

Каб неяк выжываць, Максім уладкаваўся на дрэваапрацоўчае прадпрыемства, дзе збівае паддоны. Там удаецца зарабіць ад Br 20 да 100. Каб даехаць да працы, ён устае а 3-й уначы: трэба паспець на электрычку, на якой ён едзе чатыры станцыі. Усе грошы ідуць на ежу ды камунальныя паслугі. Адкласці на рамонт магчымасці няма.

Вольга, маці пяцярых дзяцей, жывуць за Br 180 на чалавека

Жыхарка Верхнядзвінска Вольга Кліманская развялася з мужам, які яе душыў. Зарэгістравалася прыватнай прадпрымальніцай: мае шапік па продажы піражкоў. Ільвіная доля даходу ідзе на пагашэнне лізінгу. На жыццё застаецца блізу Br 900.

«Жывем сціпленька, бедненька. Старэйшая дачка выйшла замуж. На ежу для сябе і чацвярых дзяцей застаецца каля 300 рублёў, а тое і менш», — апісвае сітуацыю спадарыня Вольга.

Куды ісці па дапамогу? Мы падказваем, у якія арганізацыі можна звярнуцца. А таксама распавядаем неверагодную гісторыю былога сілавіка, палкоўніка Юрыя Мельніка, які дапамагае бяздомным. У тым ліку, даючы ім прытулак ва ўласнай кватэры. Глядзіце ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Последние новости