haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

03.02.2020 13:40

138 просмотров

0 комментариев

Беларуская мадэль: акукліцца, каб захавацца

На гарызонце беларускай мадэлі збіраюцца хмары. Чытачоў, якія прызвычаіліся хаця б раз на месяц праглядаць эканамічную статыстыку ад Белстата, такой навіной здзівіць складана. Калі за нулявыя гады сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП складалі 7,4%, то за дзясятыя — толькі 1,1%.

Якая ж выснова на афіцыйным узроўні была зробленая з гэтай невясёлай статыстыкі? На прыёме 11 студзеня, напярэдадні старога Новага года, яе абвясціў адзіны палітык (АП): «Галоўнае — не збаўляць хуткасць і не адхіляцца ад абранага намі шляху. Нас шмат, але Беларусь у нас адна. І гэта простая ісціна ляжыць у аснове дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці краіны».

Вельмі своечасовая выснова, пагадзіцеся. Хуткасць, калі хто забыўся, нароўні з гнуткасцю і творчасцю ў Пасланні—2013 была аднесеная да трох галоўных патрабаванняў, закліканых прыстасаваць беларускую мадэль «да бурлівых пераменаў» і не даць ёй застацца «на ўзбочыне гісторыі».

Дыфірамбаў на адрас хуткасці было сказана нямала. Прапаную самую яркую цытату: «Скажу шчыра, гэты шалёны рытм, гэты дзікі тэмп, зададзены тэхнагенным светам, у нейкім сэнсе супярэчыць нашаму спакойнаму, гістарычна павольнаму менталітэту. Мы па характары крыху іншыя людзі, чым гэты тэмп. Шалёны тэмп жыцця».

Далей ішла канстатацыя адсутнасці выбару і патрабаванне «мяняцца самім і прыстасоўвацца да імклівага, хуткаснага свету». Не дадзена, маўляў, іншага.

Гісторыя любіць хадзіць па коле, і гэту яе фундаментальную ўласцівасць прасцей за ўсё праілюстраваць з дапамогай анекдотаў. Для нашага выпадку будзе пасаваць анекдот пра разабраныя рэйкі і цягнік, у якім ехалі Ленін, Сталін, Хрушчоў і Брэжнеў. Каб не стамляць чытачоў, абмяжуюся прапановай Брэжнева: «Таварышы, а навошта нам кудысьці ехаць? Давайце застанемся стаяць, шторкі завесім, а самі будзем вагон разгойдваць і песні вясёлыя спяваць пра тое, як мы хутка імчымся!»

Гэту прапанову Брэжнева можна лёгка працягнуць з дапамогай зусім яшчэ свежага выказвання АП, якое было прыведзенае ў пачатку «Азбукі паліталогіі»: «Галоўнае — не змяншаць хуткасць і не адхіляцца ад абранага намі шляху».

Не за кошт хуткасці, гнуткасці і творчасці, а шляхам акуклівання

Вар’яцкі рытм супярэчыць нашаму менталітэту. З гэтым не паспрачаешся, але калі ў 2013 годзе гэту супярэчнасць прапаноўвалася пераадолець, то ў 2019-м — дзейнічаць з дакладнасцю да наадварот, гэта значыць, у поўнай адпаведнасці з прапановай Брэжнева.

Не верыце? Тады прапаную звярнуцца да выступлення АП на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» 9 студзеня: «Мы адкрытыя для дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, але наш традыцыйны сацыяльна арыентаваны ўклад непахісны. Толькі так, памятаючы, хто мы і ў чым наша ўнікальнасць, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і самабытнасць, мы зможам супрацьстаяць ідэі ўніфікацыі свету пад адзіны, чужы нашаму менталітэту ўзор або стандарт».

Нічога новага, нічога незвычайнага ў такіх паводзінах няма. Прыгадаем гісторыю пра лісу і вінаград з байкі Эзопа (620–564 да н. э.): ліса, што не здолела дацягнуцца да вінаграду, абвясціла, што вінаград ёй зусім не патрэбны, паколькі ён яшчэ зялёны.

Пры ўсім знешнім падабенстве з байкай, у заявах АП лёгка ўгледзець і сур’ёзнае адрозненне. Ліса шчыра імкнулася дацягнуцца да вінаграду, але не здолела. АП паспрабаваў, аднак хутка зразумеў, што паспяховая ўніфікацыя са светам нічога добрага ні яму асабіста, ні яго тварэнню — беларускай мадэлі — не нясе. Таму ён і прыняў рашэнне прыстасоўвацца да шалёнага тэмпу жыцця не за кошт хуткасці, гнуткасці і творчасці, а шляхам акуклівання, шляхам захавання сваёй унікальнасці, ідэнтычнасці і самабытнасці.

Прынята лічыць, што гэтак жа ў свой час зрабілі кітайцы, калі адгарадзіліся ад ваяўнічых качэўнікаў Вялікай сцяной. Аднак сцяна — гэта не адзіны прыклад акуклівання. Гісторыя Кітая ведае выдатнага імператара Чжу Гаочы, які ў 1424 годзе загадаў спаліць флот і справаздачы марскіх экспедыцый. Логіка такога незвычайнага рашэння была простая: у Паднябеснай імперыі ёсць усё, што трэба, а таму ад любых кантактаў з навакольным светам нічога, акрамя шкоды, не будзе.

Згодна з законам унутрывідавой канкурэнцыі

Апошнім часам лексікон АП папоўніла слова «ідэнтычнасць». Не ўпэўнены, што прычынай таму стала кніга амерыканскага палітолага Фрэнсіса Фукуямы «Ідэнтычнасці. Імкненне да прызнання і палітыка непрымання», якая выйшла з друку на рускай мове ў выдавецтве «Альпіна Паблішэр» у снежні 2019 года.

Адкрыем кнігу жывога класіка на стар. 33: «Ідэнтычнасць вырастае перш за ўсё з адрознення паміж сапраўдным унутраным „я“ і знешнім светам сацыяльных правілаў і нормаў, якія не прызнаюць і не паважаюць каштоўнасці або вартасці гэтага ўнутранага „я“».

Прамое траплянне — прычым у дзясятку. Чвэрць стагоддзя будаўніцтва беларускай мадэлі — гэта чвэрць стагоддзя непрызнання знешнім светам унутранага «я» яе галоўнага архітэктара. Першапачаткова «палітыку непрымання» дэманстравалі выключна заходнія суседзі Беларусі. Але чалавеку, што сфарміраваўся ва ўмовах іншых сацыяльных правілаў і нормаў, да такой падступнасці было не прывыкаць. Тым больш, што ён лёгка знаходзіў падставы для належных адказаў.

Абмяжуюся адным прыкладам: «Нам няма чаго саромецца за сваю гісторыю. Мы яе павінны свята аберагаць. Таму што гэта наш найвялікшы здабытак. Калі нас на Захадзе крытыкуюць — раней больш, цяпер крыху менш, — я ім гавару: вы яшчэ з намі не разлічыліся за тую апошнюю вайну, якая спароджаная была вамі на нашай тэрыторыі, а мы яшчэ ад той цяжкай вайны за сем дзесяцігоддзяў не аднавіліся; таму акуратней з правамі чалавека, дэмакратыяй і іншай крытыкай, якую мы чуем часам неабгрунтавана ў наш адрас».

Завяршаючы развагі пра важнасць прызнання ў палітыцы, прывяду яшчэ адну цытату, запазычаную з той жа старонкі кнігі Фукуямы: «Самапавага ўзнікае ў выніку павагі іншых». У гэтай сувязі цалкам лагічна будзе сфармуляваць наступнае пытанне: «Ці спрыяе званне „апошні дыктатар Еўропы“ росту самапавагі АП?»

Перш, чым паспрабаваць сфармуляваць адказ, неабходна разабрацца са значэннем прыметніка «апошні». Падобна да героя Фенімора Купера, можна быць апошнім з магіканаў, а можна — апошнім у чарзе. У другім выпадку апошнія маюць шанец стаць першымі. Але гэта толькі шанец — і не больш за тое. Не так проста ў XXI стагоддзі апярэдзіць расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў яго прэтэнзіях на такое ўнікальнае для нашага часу званне.

Здавалася б, паміж «нацыянальнымі лідарамі», чыя сацыялізацыя прайшла ва ўмовах савецкіх правілаў і нормаў, не толькі чорная кошка палітычнага непрымання, але нават мыш і прусак не змаглі б прабегчы. Аднак біёлагам добра вядома, што міжвідавая канкурэнцыя асаблівай вастрыні дасягае ў тых выпадках, калі ўзаемна змагаюцца віды, якія жывуць у падобных экалагічных умовах і якія выкарыстоўваюць аднолькавыя крыніцы харчавання. А гэта якраз наш выпадак.

Шляхам асабістых дамоўленасцяў

Чарговы канфлікт паміж сузаснавальнікамі Саюзнай дзяржавы прасцей за ўсё было б апісваць, калі не выходзіць за чырвоныя сцяжкі эканамічных інтарэсаў. За два дзесяцігоддзі саюзнага будаўніцтва мы неаднаразова станавіліся сведкамі спробаў перакідвання нафтагазавых разборак з міждзяржаўнага ўзроўню на ўзровень суб’ектаў гаспадарання. Аднак ні аднаго разу такія спробы не выглядалі пераканаўча.

Пазбавіцца ад матэрыялізму ў яго марксісцкім варыянце не так і проста. Барадаты класік лічыў рухаючай сілай гісторыі матэрыяльную вытворчасць (базіс). Палітычным і ўсім іншым інтарэсам ён адводзіў ролю надбудовы. З сучаснага ж пункту гледжання бліжэй да ісціны быў Гегель, які лічыў, што рухаючай сілай гісторыі чалавецтва з’яўляецца барацьба за прызнанне.

Гледзячы на эмацыйную рэакцыю АП на адмову Масквы ад палітыкі «нафта ў абмен на пацалункі», цяжка не пагадзіцца з Гегелем. Я б не наважыўся сцвярджаць, што ў гэтым няма нічога асабістага. У Расіі, зрэшты, як і ў Беларусі, усе лёсавызначальныя рашэнні прымаюцца шляхам асабістых дамоўленасцяў, таму не Расія адмовіла Беларусі ў кампенсацыі за падатковы манёўр, а Пуцін — нашаму адзінаму палітыку.

* * *

У 2024 годзе Пуціну трэба будзе вырашаць праблему пралангацыі сваіх уладных паўнамоцтваў, якую немагчыма ажыццявіць без змены Канстытуцыі. Ад спароджанага анексіяй Крыма вобразу мача да сённяшняга дня засталіся жалю вартыя рэшткі. На думку публіцыста Івана Давыдава, крамлёўскія паліттэхнолагі ўжо прыступілі да стварэння новага іміджу расійскага прэзідэнта: на змену Пуціну-пераможцу ідзе клапатлівы Пуцін, засяроджаны на абароне простага расіяніна ад разнастайных бедаў, што і было прадэманстравана 15 снежня падчас прэзідэнцкага паслання.

Клапатлівы ж Пуцін павінен дбаць пра расіян, а не раздаваць эканамічныя прэферэнцыі направа і налева.

Сяргей Нікалюк

https://novychas.by

Последние новости