haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

14.10.2020 12:40

451 просмотр

0 комментариев

Беларусы знялі з банкаўскіх рахункаў і схавалі ў «кубышкі» амаль 1,5 млрд долараў

Нацбанк апублікаваў статыстыку, з якой вынікае, што беларусы актыўна здымаюць з дэпазітаў грашовыя сродкі.

Як паведамляе партал https://banki24.by/ — у верасні сярэднія рэшткі на рублёвых пераводных дэпазітах фізічных асоб склалі 2,866 млрд BYN. У параўнанні з рэшткамі ў жніўні яны зменшыліся на 722,6 млн BYN. Такое вялікае скарачэнне звычайна не характэрна для верасня, яно тлумачыцца дэвальвацыяй беларускага рубля і пераводам часткі зберажэнняў у валюту.

Тэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях у верасні склалі 4,602 млрд BYN. Яшчэ ў жніўні яны былі больш на 215,4 млн BYN.

У верасні сярэдняя рэшта на валютных рахунках беларусаў склала $ 6,199 млрд. У параўнанні са жніўнем гэта меней на $ 706,2 млн.

Актыўна здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў і хаваць іх у «кубышкі» беларусы пачалі ў красавіку. Грамадзяне краіны ўжо адклікалі з банкаў $ 1,428 млрд.

На карт-рахунках фізічных асобаў у верасні 2020-га засталося $ 1,230 млрд, што менш на $ 259,2 млн у параўнанні са жніўнем.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія», падзяліўся з «Белсатам» бачаннем сітуацыі на фінансавым рынку:

Калі людзі прымаюць рашэнні, дзе ім захоўваць грошы, рабіць інвестыцыі ці, наадварот, здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў, — яны кіруюцца дзвюма эмоцыямі: страхам і сквапнасцю. Сквапнасць стымулюе жаданне зарабіць паболей, а страх працуе на рызыцы згубіць. Цяпер, асабліва са жніўня, калі казаць пра беларускіх укладнікаў, актыўна працуюць абедзве гэтыя эмоцыі. Па-першае, сквапнасць у гэтым выпадку звязаная з тым, што прынамсі да снежня стаўкі па банкаўскіх дэпазітах (рублёвых і валютных) актыўна зніжаліся. У выніку ўкладнікі зараблялі не так шмат, і стымулаў трымаць грошы ў банках стала менш. Плюс да гэтага летам дадаўся страх трымаць грошы ў банках.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хоць, па вялікім рахунку, не банкі сталі для гэтага першапрычынай. Агульнавядома, што ў нашай краіне прававы дэфолт, цалкам адсутнічае давер да дзяржавы і яе інстытутаў, да прававой сістэмы, судовай сістэмы і г. д. І адна з праяваў страты даверу да дзяржавы і ўсіх яго інстытутаў — гэта сярод іншага страта даверу да банкаў. То бок, што мы маем: сквапнасць змяншаецца, зарабіць у банках можна меней і меней, недавер расце, страх захоўваць грошы ў банках расце, як рэакцыя на гэта — людзі актыўна выносяць свае дэпазіты з банкаў. У большай ступені гэта датычыць валютных дэпазітаў, у меншай ступені — рублёвых.

Тут ніякіх парадаў укладнікам даваць немагчыма. Бо ніхто адэкватны не дасць параду не баяцца захоўваць грошы ў банках. Таму што ніхто не дасць гарантыяў, што будзе бяспечна трымаць грошы ў банках і з банкаўскай сістэмай нічога не адбудзецца, калі сітуацыя не пачне мяняцца.

З іншага боку, заклікаць, каб людзі тэрмінова беглі ды забіралі грошы з банкаў — таксама нельга. Бо калі ўсе ўкладнікі пабягуць у банкі з жаданнем зняць свае грошы, то прыблізна 20 адсоткаў з іх грошы зняць паспеюць, а потым у банкаў грошы скончацца. То бок атрымліваецца: хто першы свае грошы забярэ, той пакіне астатніх без сродкаў. Атрымліваецца, што пакаралі не рэжым, не банкі, а адны ўкладнікі пакаралі іншых. Адзінае, што можна сказаць, што ў кожнага свая галава на плячах і кожны сам прымае рашэнне, што яму рабіць у такой сітуацыі.

AA belsat.eu

Последние новости