haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Экономика

28.04.2022 20:32

1094 просмотра

0 комментариев

Пасля Вялікдня крама Гарадоцкай птушкафабрыкі «Мара гурмана» па вул. Гагарына закрываецца. Дно дасягнута?

З крамы «Мара гурмана» на Гагарына на гэтым тыдні вывозяцца тавары. Паліцы у краме амаль пустыя. Крама ліквідуецца.

Гэтая крама Гарадоцкай птушкафабрыкі будавалася і была адкрыта пры самым паспяховым дырэктары птушкафабрыкі Міхаіле Аляксеявічы Расолька яшчэ ў 80-я гады. Менавіта пры М.А. Расолька быў росквіт прадпрыемства, якое мела вялікія абаротныя сродкі. Гэтыя сродкі актыўна укладваліся ў развіццё сацыяльнай сферы: будаўніцтва жылля, дзіцячага садка, гатэля, фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў мікрараёне Гагарына і г.д..




Але пераемнікі Расолька М.А., пачынаючы з Сяржантава Ю.Л., былога старшыні Гарадоцкга райвыканкаму, не мелі здольнасцяў і прафесіяналізма вядучага дырэктара. Ды і ўмовы гаспадарання змяніліся на мяжы стагоддзяў не ў лепшы бок.
У выніку ў апошняе дзесяцігоддзе, калісьці славуты калектыў, зведаў розныя трансфармацыі. Было і далучэнне участка Хайсы Віцебскага раёна, дзе пачалі ў 2015 годзе займацца вырошчваннем індычак. Яшчэ птушкафабрыка пачала займацца земляробствам на землях ліквідаваных калгасаў. Гэта стала самым вялікім пашырэннем уплыву нашай птушкафабрыкі ў птушкагадоўлю Беларусі. Але эканамічныя паказчыкі ад дзейнасці не былі паспяховымі. У выніку ААТ «Гарадоцкая птушкафабрыка» стала структурным падраздзяленнем Аршанскай птушкафабрыкі, а участак Хайсы забралі ад Гарадка.
Пасля ўсіх эксперыментаў Гарадоцкая птушкафабрыка, якая цяпер адыйшла ад Оршы, займаецца зараз найперш сваёй першапачатковай спецыялізацыяй — вырошчваннем яйканоскіх парод куранят і вытворчасцю яіц. Усё гэта робіцца пад брэндам «Мара гурмана».
Толькі крызісныя з’явы на прадпрыемстве, чаргаванне дырэктароў прадпрыемства, сыход кампетэнтных ветэранаў прывяло да таго, што дзейнасць крамы на Гагарына стала затратнай.
Калісьці вельмі папулярная крама дапрацуе яшчэ два дні і спыняе працу 30 красавіка.
Пакупнікі яшчэ могуць тут набыць нешматлікія прадукты.



А пра лепшыя часы з індычкамі — «птушкі шчасцця» з Гарадоцай птушкафабрыкі засталася толькі ветрына.




Будынак жа крамы будзе выстаўлены на аукцыён. Але ж столькі крам у Гарадку мусіць ужо і не трэба. Сама ж птушкафабрыка будзе прадаваць сваю прадукцыю у Гарадку толькі ў краме свайго адміністрацыйнага будынка.
Відавочна, што для лепшых часоў гарадоцкай птушкагадоўлі трэба дзейнасць па сучасных тэхналогіях у адпаведнасці з патрабаваннямі часу пры разняволенні працоўнай ініцыятывы і добрых адносінах да працаўнікоў.
Трэба рухацца наперад, пераадольваючы цяжкасці сёняшняга дня.
Л. Антонаў

Последние новости