У верасні-кастрычніку 2022 года пастаўкі цэменту з Беларусі ў Расію выраслі на 61% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да 434,1 тыс. т, піша РБК.
Рост імпарту фіксуе і Саюзцэмент, які абʼядноўвае найбуйнейшых расійскіх вытворцаў цэменту, а таксама прадпрыемствы з Беларусі, Казахстана і Кыргызстана. Беларусь — найбуйнейшы экспарцёр цэменту ў Расію, на яе долю прыпадае больш за 70% ад агульнага абʼёму паставак.
У прэс-службе Мінпрамгандля не пагаджаюцца з лічбамі. «На гэты момант інфармацыя аб росце паставак цэменту з Рэспублікі Беларусь не пацвярджаецца, Мінпрамгандаль не фіксуе рост паставак», — падкрэслілі там.
У Мінпрамгандлі спасылаюцца на даныя Федэральнай мытнай службы, згодна з якімі імпарт цэменту ў студзені-кастрычніку знізіўся на 21%, але абʼёмы паставак у тонах не ўдакладняюць. Мытная статыстыка была засакрэчана ў красавіку, пасля пачатку ваеннай спецаперацыі ва Украіне і ўвядзення заходніх санкцый.
Суразмоўцы РБК лічаць, што мытная статыстыка можа быць няпоўнай з-за таго, што Расія і Беларусь уваходзяць у ЕАЭС, і цэмент на мяжы не падлягае абавязковаму мытнаму агляду.
Рост паставак цэменту з Беларусі можа быць звязаны з абмежаваннямі продажу беларускага цэменту ў Еўропу і недастатковым узроўнем попыту на ўнутраным рынку. «Расійскі рынак атрымліваецца адзіным, куды можна скідаць лішнія абʼёмы без рызыкі затаварвання ўласнага ўнутранага», — тлумачаць эксперты.
У ліпені 2022 года набыла моц забарона на пастаўкі як расійскага, так і беларускага цэменту ў ЕС. З-за гэтага беларускія прадпрыемствы не могуць пастаўляць яго нават у Калінінградскую вобласць, дзе яны займалі амаль 41% рынку ў мінулым годзе. На Калінінград прыпадала 18% усяго беларускага імпарту ў Расію.
Рэзкі рост абʼёмаў продажы ў іншых рэгіёнах магчымы толькі за кошт вялікіх дысконтаў, лічаць эксперты. Паводле іх, беларускія прадпрыемствы прапануюць цэмент таннейшы за расійскі на 5% і больш, а таксама таварныя крэдыты, гэта значыць адтэрміноўку плацяжу.
«Вытворцы цэменту з Беларусі атрымліваюць значную колькасць субсідый і іншых ільгот з боку дзяржавы», — дадае Вячаслаў Шматаў, старшыня праўлення Саюзцэмента і генеральны дырэктар найбуйнейшага ў Расіі вытворцы цэменту «Еўрацэмент». — Сярод мер дзяржпадтрымкі, напрыклад, пагашэнне запазычанасці па крэдытах, вызваленне ад падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку".
Рост імпарту прывядзе да выцяснення з рынку і можа прывесці да закрыцця некаторых расійскіх цэментных заводаў
Л. Антонаў
Паводле: https://www.rbc.ru/business/14/11/2022/6368bfc39a7947cd4fa7d59d?from=from_main_7/